Мытня пра пасылкі: Набываеце праз інтэрнэт — рабіце скрын-шот старонкі сайта

Мытня пра пасылкі: Набываеце праз інтэрнэт — рабіце скрын-шот старонкі сайта

Чатыры дні краіна жыве па новых правілах атрымання пасылак з-за мяжы, калі кошт дасланай вам рэчы не мусіць перавышаць 22 еўра. Вырашаю пацікавіцца, ці шмат “растаможаных” пасылак ужо паспелі выдаць паштовыя аддзяленні і як людзі рэагуюць на “лісты шчасця” ад мытнікаў, прымацаваныя да доўгачаканай пасылкі.

Але на Галоўпаштамце расчароўваюць: ніводнай такой пасылкі яны яшчэ не атрымлівалі і не выдавалі. Адно, што мне могуць тут сказаць: аплачваць налічаную мытнікамі пошліну трэба проста на пошце, у банк хадзіць не трэба. А што рабіць, калі я не згодны з налічанай сумай?

“Пасылку мы вам не аддадзім, а даказваць сваё ідзіце да мытнікаў”, — адказваюць мне на Галоўпаштамце.

Добра, але пасылкі можна атрымаць у “сваім” аддзяленні Белпошты. Тэлефанаванні па амаль дзесяці сталічных паштовых аддзяленнях вынікаў не даюць — пасылак на суму звыш 22 еўра ні ў адным з іх яшчэ не было!

У кол-цэнтры Мінскай рэгіянальнай мытні тлумачаць: калі вы не згодныя з сумай “растаможкі” пасылкі, даказваеце сваю правату мытнікам. З дапамогай любых дакументаў.

Супрацоўніца мытні: “Каб даказаць сваё, вы на мытню будзеце дасылаць дакументы, якія пацвярджаюць кошт рэчаў. А для гэтага можаце адразу рабіць скрын-шоты, калі на інтэрнэт-сайтах набываеце: ваш тавар на самой справе каштуе вось столькі. Можаце рабіць выпіскі са сваёй банкаўскай карткі, ці як вы там аплачваеце. Магчыма, адпраўнік вам даслаў нейкія дакументы: чэкі, разліковыя фактуры, інвойсы — любы дакумент, які пацвярджае кошт тавару”.

Магчымыя выпадкі, калі сваякі з-за мяжы дасылаюць, да прыкладу, добрыя, але ўжываныя рэчы. Адпраўнік прадбачліва пазначае “тавараў на агульную суму 20 еўра”, са спадзяваннем, што да ношаных рэчаў пытанняў у мытнікаў не будзе. Але ўсё не так проста, тлумачаць Еўрарадыё ў рэгіянальнай мытні.

“Сюды прыходзіць тавар коштам 20 еўра. Але калі мытня палічыць, што тыя тавары ўсё ж такі не каштуюць 20 еўра, а каштуюць больш, то яны могуць перагледзець пазначаны кошт — павялічыць яго. Адпаведн, трэба будзе ад той сумы, якую вызначыць мытня, адняць 22 еўра і з розніцы аплаціць плацяжы”.

Еўрарадыё: Але рэчы відавочна не новыя, хоць і ў добрым стане — як будзе вызначацца кошт, на якіх падставах?

Супрацоўніца мытні: “Ну, вось, як-небудзь… Мытня будзе глядзець: альбо калі да нас прыходзілі аналагічныя тавары, але па іншым кошце. Карацей, у мытні ёсць свая інфармацыя па кошце, і на яе падставе мытня можа вызначыць кошт”.

Еўрарадыё: Больш падобна на тое, што вялікую ролю будзе іграць “чалавечы фактар” — як мытнік паставіцца да такой пасылкі з ношанымі рэчамі…

Супрацоўніца мытні: Ну, так… Але зноў жа, гледзячы, што вам дашлюць. Калі гэта будуць вельмі добрыя фірмовыя, якасныя і практычна новыя джынсы, а кошт на іх будзе стаяць 2 еўра, наўрад ці мытня пагодзіцца з тым, што яны каштуюць 2 еўра”.

І калі ў выпадку з набытымі праз інтэрнэт-краму рэчамі вы яшчэ можаце даказаць мытніку, што: “Джынсы набытыя на акцыі з 90% зніжкай — вось скрын-шот!”, то нешта даказаць наконт кошту ношаных рэчаў ад сваяка не зможаце. Які цэннік на такія джынсы ці дзіцячыя калготы мытнік выставіць, так і будзе. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі