МЗС Беларусі не каментуе змены ў беларускім "чорным спісе" ЕС
Пра гэта заявіў у чацвер прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Дзмітрый Мірончык.
"Мы не лічым неабходным каментаваць дадзенае рашэнне Савета ЕС, — цытуе словы Мірончыка БЕЛТА. — Нашая пазіцыя вядомая, яна не змянялася, і гаворка мусіць ісці аб поўнай адмене санкцый".
Нагадаем, як учора стала вядома, Савет ЕС вырашыў дадаць у "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і бізнесменаў яшчэ аднаго чалавека — суддзю Шклоўскага раённага суда Віталя Волкава. Гэта ён два гады таму прыняў рашэнне аб пераводзе палітвязня Мікалая Статкевіча ў турму закрытага тыпу.
Са спісу асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, выключаныя 8 чалавек, а сярод іх былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў, якога нядаўна асудзілі на 6 гадоў за "злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі". Рада ЕС палічыла, што для знаходжання гэтых людзей у "чорным спісе" "больш няма падстаў".
Фота — Reuters