МЗС Беларусі вінаваціць Захад у патуранні экстрэмізму ва Украіне
20 лютага Міністэрства замежных спраў нашай краіны выдала заяву па ўкраінскай сітуацыі.
У ёй гаворыцца, што Беларусь занепакоеная абвастрэннем абстаноўкі ва Украіне, якое прывяло да чалавечых ахвяр. "Мы лічым недапушчальнымі радыкальныя, супрацьпраўныя метады вырашэння ўнутрыпалітычных рознагалоссяў", — адзначае беларускае знешнепалітычнае ведамства.
Разам з тым МЗС Беларусі заяўляе, што "краіны Захаду неаднаразова падкрэслівалі "мірны" характар акцый пратэсту і не хацелі заўважаць незаконнага захопу адміністрацыйных будынкаў, выкарыстання дэманстрантамі ў сутычках з міліцыяй "кактэйляў Молатава", а таксама агнястрэльнай зброі".
На думку беларускіх дыпламатаў, такая пазіцыя мяжуе з патураннем радыкалізму і экстрэмізму, і гэта адыграла сваю негатыўную ролю ў эскалацыі гвалту. "Падыходы, якія прымяняюцца ў дачыненні да падзей ва Украіне, вельмі адрозніваюцца ад тых ацэнак, якія гучаць у сувязі з пратэстнымі акцыямі ў іншых еўрапейскіх краінах, дзе праваахоўным органам даводзіцца ўжываць сілу для навядзення правапарадку", — адзначае МЗС.
Фота — УНІАН