МЗС: беларусы за мяжой аказваюцца адрэзанымі ад магчымасці вярнуцца на Радзіму
Сітуацыя з вяртаннем на радзіму беларусаў застаецца складанай. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Па яго словах, гэтыя складанасці выкліканыя жорсткімі абмежавальнымі мерамі, якія ўвялі да замежнікаў у шэрагу дзяржаў.
"Па сутнасці, беларусы, якія знаходзяцца сёння за мяжой, аказваюцца практычна адрэзанымі ад магчымасці вярнуцца на Радзіму транзітам праз многія краіны. Усе выпадкі адсочваюцца МЗС і замежнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь у кругласутачным рэжыме. Актыўна аказваецца садзейнічанне ў пошуку альтэрнатыўных маршрутаў па вяртанні на Радзіму. Арганізуюцца дадатковыя наземныя шляхі дастаўкі, адпаведныя авіярэйсы ААТ "Белавія" ў выпадку неабходнасці ажыццяўляюцца больш ёмістым авіятранспартам, рэалізуюцца іншыя мерапрыемствы", — падкрэсліў прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства.
Ён выказаў шкадаванне, што Расія вырашыла закрыць мяжу з Беларуссю і дадаў: "Знаходзімся ў чаканні канкрэтнай афіцыйнай інфармацыі ад расійскага боку аб варыянтах і мадальнасцях імплементацыі названай меры".
МЗС нагадвае суайчыннікам, што:
— з 16 сакавіка 2020 года ўводзіцца забарона на ўезд на тэрыторыю Чэхіі ўсіх іншаземцаў, а не толькі з краін з высокай рызыкай заражэння;
— з 18:30 16 сакавіка да 17:00 14 красавіка ў Арменіі дзейнічае надзвычайнае становішча;
— з 18 сакавіка на два тыдні забаронены ўезд замежнікаў на тэрыторыю Грузіі;
— з 8:00 16 сакавіка да 1 красавіка забаронены ўезд у Нарвегію замежнікаў, за выключэннем грамадзян Швецыі і Фінляндыі, а таксама тых, у каго ёсць від на жыхарства ў краіне;
— 15 сакавіка надзвычайнае становішча ўведзена на ўсёй тэрыторыі Сербіі; замежнікам, акрамя тых, хто мае дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Сербіі, забаронены ўезд на тэрыторыю краіны;
— з 17 сакавіка да 1 красавіка Малдова адмяніла ўсе рэгулярныя авіяпасажырскія рэйсы, а таксама міжнародныя пасажырскія чыгуначныя маршруты;
— з 8:00 16 сакавіка памежны кантроль на неабмежаваны тэрмін уведзены на межах Германіі з Аўстрыяй, Даніяй, Люксембургам, Францыяй і Швейцарыяй;
— з 16 сакавіка па 15 красавіка ў Казахстане ўведзены рэжым надзвычайнага становішча, замежнікам забаронены ўезд;
— з 16 сакавіка Узбекістан зачыніў авіяцыйныя і аўтадарожныя зносіны з іншымі дзяржавамі;
— з 19 сакавіка па 31 сакавіка Егіпет прыпыніў усе замежныя авіярэйсы.
Грамадзянам Беларусі ва Украіне рэкамендуюць максімальна аператыўна самім дабірацца да бліжэйшых пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы. Там яны могуць пешшу вярнуцца на радзіму да 00:01 17 сакавіка.
Беларусам, якія апынуліся на тэрыторыі дзяржаў, дзе ўведзеныя абмежавальныя меры, прыпыненыя авія-, чыгуначныя і аўтамабільныя зносіны, рэкамендуюць звяртацца да прадстаўнікоў туркампаній (у выпадку турыстычных паездак) і ў замежныя ўстановы Беларусі па тэлефонах экстранай сувязі.
Мабільны аператар "Life:)" зрабіў бясплатнымі тэлефанаванні абанентаў, у тым ліку ў роўмінгу, на экстраныя нумары беларускіх замежных устаноў з гэтага спісу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.