МЗС Украіны: Лукашэнка ператварае Беларусь у суцэльную ваенную базу Расіі
Украіна не ўмешвалася і не будзе ўмешвацца ў справы Беларусі. Так прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка пракаментаваў сённяшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе hromadske.ua.
27 верасня беларускі кіраўнік заявіў, быццам ва Украіне ствараюцца базы ЗША пад выглядам навучальных цэнтраў і на гэта трэба рэагаваць.
Нікаленка падкрэсліў, што Украіна ніколі не будзе ствараць пагроз для бяспекі беларускага народа, але ўсімі сіламі і сродкамі будзе абараняць сваю свабоду і незалежнасць.
Выказванні Лукашэнкі, па словах прадстаўніка ўкраінскага МЗС, з'яўляюцца шаблонамі расійскай прапаганды наконт пагроз з боку краін Захаду і Украіны. Нікаленка адзначыў, што Лукашэнка гаворыць "аб прывідных амерыканскіх базах і лагерах баевікоў ва Украіне, паралельна ператвараючы суседнюю нам Беларусь у суцэльную ваенную базу Расіі".
Украінскі дыпламат заявіў, што менавіта Расія сёння пагражае не толькі Украіне, але і Беларусі і беларускаму народу: "Захаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а не ператварыцца ў прыдатак Расіі — вось над чым варта насамрэч задумацца ў Мінску".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.