На апошні званок школьнікам масава прапаноўвалі спайс замест алкаголю

“Паведамленне прыйшло ў першай палове дня 30 траўня. Праз праграму WhatsApp. Там быў пазначаны замежны нумар. У паведамленні было напісана “Спайс! Хуткасць! Легальна!” — сігналізуе ў рэдакцыю Еўрарадыё жыхар Мінска Юрый М.

Яшчэ некалькі абанентаў мабільных аператараў пацвердзілі Еўрарадыё, што атрымалі такое ж самае паведамленне.

Відавочна, разлік быў на тое, што менавіта 30 траўны падчас апошняга званка, калі алкаголь па ўсёй краіне забаранілі прадаваць, школьнікі ды іншыя патэнцыйныя кліенты клюнуць на “легальны спайс”. 

Ужо на наступны дзень дылеры перасталі адказваць на паведамленні. А тэлефонны нумар (ён быў, дарэчы, в’етнамскі) быў выключаны.

Кампетэнтныя крыніцы ў праваахоўных органах патлумачылі Еўрарадыё, што такія спосабы продажу наркотыкаў для Беларусі не распаўсюджаныя. Часцей так дзейнічаюць у Расіі. Збытчыкі наймаюць хакераў, якія атрымліваюць доступ да старонак людзей у сацсетках. Часта карыстальнікі фіксуюць там свае нумары тэлефонаў. Як правіла, людзі карыстаюцца праграмамі кшталту WhatsApp і Viber, праз якія і здзяйсняецца рассылка паведамленняў.

І сапраўды людзі, якія паведамілі ў Еўрарадыё пра “подзвігі” дылераў падчас апошняга званка, маюць на старонках у сацыяльных сетках нумары тэлефонаў.

Патэнцыйныя кліенты, якія клююць на рассылку наркадылераў, зазвычай атрымліваюць ад тых нумары электронных кашалькоў, куды праз плацежныя тэрміналы ці проста з камп’ютараў залічваюцца грошы. Пасля гэтага так званыя “мінёры” робяць “закладку” (падкладаюць наркотык у схованку). І спажывец атрымлівае каардынаты, як забраць адтуль псіхатроп.

Кампетэнтныя праваахоўнікі выказалі меркаванне, што новыя спосабы  распаўсюджвання наркотыкаў з’яўляюцца таму, што пасля выхаду антынаркатычнага Дэкрэту №6 дзейнасць дылераў значна ўскладнілася а ўцягванне новай моладзі ў наркаспажыванне скарацілася. Практычна ўсе спайсы ў Беларусі дэлегалізавалі. А для распаўсюднікаў увялі істотныя тэрміны пазбаўлення волі.  Раскрыты шэраг груповак, якія пры дапамозе тэхналогіі закладак распаўсюджвалі псіхатропы праз самы папулярны наркафорум, доступ да якога з Беларусі дагэтуль не могуць эфектыўна абмежаваць. Пасля шэрагу затрыманняў буйных дылераў іх калегі па цэху з’ехалі з краіны і, як бачна, спрабуюць распаўсюджваць смяротныя тавары ў тым ліку пры дапамозе спам-рассылак, з якімі беларусы сутыкнуліся падчас апошняга званка.

Фота computing.com.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі