“На ЧАЭС мог адбыцца тэрмаядзерны выбух — не было б Гомеля, Жлобіна, Бабруйска…”

“На ЧАЭС мог адбыцца тэрмаядзерны выбух — не было б Гомеля, Жлобіна, Бабруйска…”

Аляксей Камай кіраваў Гомельскай вобласцю з 1985 па 1989 год. У праграме “Дело принципа” на тэлеканале АНТ ён расказвае пра першыя дні пасля Чарнобыльскай катастрофы:

"Я не адразу даведаўся пра маштабы трагедыі. Справа ў тым, што за шэсць месяцаў да трагедыі ў Гомелі прайшоў вялікі семінар-нарада кіруючых кадраў Кіеўскай, Чарнігаўскай і Гомельскай абласцей з кіраўніцтвам рэспублікі, у тым ліку з кіраўніцтвам беларускай ваеннай акругі. Там разглядаліся пытанні на выпадак нестандартных тэхнагенных сітуацый. Якая сістэма апавяшчэння, і гэтак далей. Але нічога не прадбачылі. Гэтае пытанне ўздымалася, бо ў Беларусі размяшчалася вельмі шмат прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці. Побач з імі ідуць прадпрыемствы, што маюць радыенукліды.

Дык вось, пасля таго, як адбылася аварыя, ні з Кіева, ні з Масквы ніхто не зрабіў ніякіх званкоў. Усе тэлефоны з Кіевам былі адключаныя. Першы званок, які мне зрабілі, быў 27 чысла ў 7 гадзін раніцы. Пазваніў мне Панькоў, першы сакратар брагінскага райкама партыі, і сказаў, што нешта здарылася. Пасля гэтага я патэлефанаваў у Савет міністраў былому старшыні Саўміна Міхаілу Васільевічу Кавалёву. Ён мне сказаў, што такая інфармацыя ёсць, але аб’ёмы, наступствы сітуацыі — невядомыя. З Масквы ніякай інфармацыі не паступае. Тое ж мне пацвердзіў першы сакратар ЦК Мікалай Мікітавіч Слюнькоў".

 

Ніякай праграмы па абароне насельніцтва не было

 

"У 8:20 я вылецеў верталётам непасрэдна ў гэтую зону для таго, каб спраўдзіць, што ж там адбылося. І вось, калі падляталі да вёскі Савічы, камандзіру верталёта паступіла каманда развярнуцца і вяртацца назад, маўляў, пралёт у зону атамнай станцыі забаронены. Хоць здалёк было бачнае полымя. То бок пажар быў заўважны, але маштабы катастрофы ацаніць было немагчыма.

Хаця, 27 чысла пасля размовы са мной першы сакратар ЦК Слюнькоў тэрмінова накіраваў групу спецыялістаў на Гомельшчыну, дзе да 29 чысла былі адкрытыя 62 пункты хіміка-радыетэхнічнага агляду тэрыторыі на гама-выпраменьванне. Праз тры дні іх колькасць павялічылася да 654, але ўсё адно тэрыторыя забруджвання была невядомая. Была вядомая зона гама-выпраменьвання.

27 красавіка ў Брагінскім раёне былі спыненыя ўсе сельскагаспадарчыя працы. Калі мы глядзім на Чарнобыльскую катастрофу, хацелася б, каб гэта рабілася не з пункту гледжання дылетанцтва, а з тэхнічнага пункту гледжання і этапаў рашэння сітуацыі. Вось, калі кажам пра Херасіму і Нагасакі, — гэта атамная бомба, і нашы вайскоўцы насілі радыёметры, каб разумець, што здарыцца, калі на нас скінуць атамную бомбу. А што тычыцца тэхнічнай аварыі, то ніхто не ведаў, як будзе раскідана, у якія зоны пойдзе забруджванне. Гэта залежыць ад ружы ветраў, ад вагі часціц, ад іх стану… Ніякай праграмы па абароне насельніцтва не было. Інструкцый ніякіх не было".

 

Калі б не ўдалося падвезці вадкі азот да рэактара, то мог адбыцца тэрмаядзерны выбух

 

"На Гомельшчыне 3-4 траўня было адселена 50 населеных пунктаў, і з усіх населеных пунктаў у іншыя вобласці былі вывезеныя дзеці. Па стане на 10 траўня 1986 года там, дзе ўзровень вонкавай радыяцыі быў 5 мілірэнтген за гадзіну ўсіх людзей трэба адсяліць. Гэта значыць, што на працягу года паводле медыцынскіх паказчыкаў чалавек можа атрымаць да 10 бэр нагрузкі. На другі год, па медыцынскіх нормах — да 3 бэр. Трэці — да 2,5 бэр. На чацвёрты — да 2 бэр. Вось гэты перыяд да 10 бэр адразу трэба адсяляць, а іншыя…

6 траўня я быў запрошаны на пасяджэнне ЦК, куды прыляцеў з Хойнікаў. Калі б з 7-га на 8-га траўня не ўдалося падвезці вадкі азот да рэактара, то мог адбыцца выбух, як вадароднай бомбы — тэрмаядзерны выбух. У гэтай сітуацыі магла б адбыцца іншая трагедыя. Не было б Гомеля, Жлобіна, Бабруйска, часткова Мінска… Пачынаючы з 6 траўня з Гомеля мы вывозілі дзяцей за межы Беларусі. 138 тысяч дзяцей былі накіраваныя да Новасібірска. І праз некалькі дзён у Гомель прыходзілі 20-22 вагоны, каб адпраўляць дзяцей, а з імі выхавацеляў, медыкаў і гэтак далей. Адсюль з’яўляліся плёткі, што Гомель будуць высяляць, але гэта былі выключна плёткі.

Плёткі і тое, што быў дадзены загад “пасадзіць” радыеактыўныя аблокі на тэрыторыі Беларусі. Маўляў, на тэрыторыі Жабраўкі стаялі самалёты, якія разганялі хмары, каб радыяцыя асела ў нас. Хлусня. Хто хоча ведаць праўду, скажу, што гэта вайсковая частка стаіць у вёсцы Барсукі і той жа камандзір там працуе. Можаце паехаць і спытаць у яго.

Але былі людзі, якія адмаўляліся ад высялення. Старыя. Няма чаго за імі ганяцца. Так, цяпер трэба вазіць туды прадукты, трэба ствараць сацыяльныя ўмовы, трэба наводзіць парадак, і няхай яны там доўга жывуць. А вось усе тыя, хто атрымаў жыллё ў Мінску пасля адсялення, а летам потым вязуць туды дзяцей — такога катэгарычна нельга рабіць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі