На “Чарнобыльскі шлях” праз сацсеткі

“Мы ў той сітуацыі, у якой знаходзімся ўжо дзясяткі гадоў. Мы абмежаваныя ў доступе да СМІ. Гэта ўсё зразумела і паўтараць гэта не мае сэнсу. Зробім усё, што магчыма”, — расказвае на адмыслова скліканай прэс-канферэнцыі сябра БХД Дзяніс Садоўскі.

Зрабіць арганізатары збіраюцца наступнае: 26 красавіка шэсце на плошчу Бангалор, малітва ля капліцы, а перад гэтым круглыя сталы ды кінапрагляды. Абяцаюць і пікеты ў Астраўцы — ужо пададзеныя заяўкі. На шэсці ў Мінску плануюць збіраць грошы для хворых на анкалогію дзяцей. За дзень да шэсця лідары апазіцыйных партый і рухаў сабраліся ехаць у Чарнобыльскую зону, каб сустрэцца з яе жыхарамі.

З невялікай папулярнасцю акцый апазіцыі арганізатары “Чарнобыльскага шляху 2013” будуць змагацца стварэннем у сацсетках адмысловых груп і распаўсюджаннем друкаваных матэрыялаў. Тое самае, што і перад “Днём Волі”. Толькі яшчэ месяц таму апазіцыянеры заклікалі людзей з сацсетак выходзіць.

А ўвогуле, арганізатары ставяцца да малой наведвальнасці сваіх шэсцяў па-філасофску. Прадстаўніца арганізацыі “Экадом” Таццяна Новікава бачыць шэсце як сімвалічны акт, неабходны для памяці пра Чарнобыль незалежна ад таго, колькі чалавек у ім удзельнічае. А мала іх таму, што ўлады запалохалі.

“Прычына таго, што людзей становіцца менш — у рэпрэсіях уладаў. Я памятаю часы, праз год пасля Чарнобыля, калі людзі зусім не хацелі нічога ведаць аб аварыі”.

Дарэчы, сёлета аргкамітэт па правядзенні “Чарнобыльскага шляху” распускаць пасля шэсця не будуць. Актывісты лічаць, што яго існаванне дапаможа змагацца з будаўніцтвам Астравецкай АЭС.

Што з задуманага і наколькі ўдасца рэалізаваць, пабачым ужо неўзабаве. Чыноўнікі з Мінгарвыканкама павінны дазволіць (альбо забараніць) шэсце не пазней за 21 красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі