На канцэрце "Ляпісаў" у 19-гадовай дзяўчыны спынілася сэрца

Па словах доктара Аляксандра Фейгіна, які прымаў Аксану ў віленскай лякарні, прычынай смерці дзяўчыны стала хвароба сэрца.


Аляксанр Фейгін: У яе былі хранічныя захворванні. Мы думаем, што гэта паслужыла прычынай. То бок, ніхто на яе не напаў.


Еўрарадыё: То бок, на канцэрце ніякіх траўмаў яна не атрымала?


Аляксанр Фейгін: Не-не. Мы цікавіліся дадаткова. У яе былі хранічнага характару захворванні. Нічога такога не здарылася. Проста наступіла вострая каранарная смерць.


Брат Аксаны, Уладзімір Сухарукаў, кажа, што сястра была здаровай, нядаўна праходзіла медыцынскую камісію для аўташколы, рабіла кардыяграму сэрца, ніякіх перасцярогаў вынікі не выклікалі:


"Яна паехала з маці і з полацкай групай. Была на канцэрце разам з маці, потым Аксана сказала: "Мама, ты пачакай мяне тут, бо я хачу бліжэй да сцэны падысці, там гучная музыка і ты не вытрымаеш”. І пайшла туды. А потым ужо, калі ўсе вярталіся, яе не знайшлі. Суправаджаючы, які быў з групай, бегаў па клубе, шукаў яе. Знайшлі яе ў лякарні".


Еўрарадыё: Дактары кажуць, што яна памерла ад хваробы сэрца...


Уладзімір: Аксана была здаровая. Праходзіла медкамісію, здавала на правы. Гэта не першы канцэрт "Ляпісаў", на якім яна была, і было ўсё нармальна. Гэта трэба з маці размаўляць. Яна сказала, што некалі УЗІ нешта паказала незразумелае. Але кардыяграмы паказвалі, што ўсё добра з сэрцам.


23 жніўня "Ляпіс Трубяцкой" даваў развітальны канцэрт у Вільні. На ім прысутнічала 4,5 тысячы гледачоў. Еўрарадыё адшукала хлопца Юрыя, які падняў непрытомную Аксану і перадаў ахоўнікам, ён нават не ведаў, што дзяўчына памерла. Ахоўнікі ў сваю чаргу аператыўна перадалі дзяўчыну хуткай, якая дзяжурыла ля клуба. Юрый мяркуе, што наўрад ці дзяўчына атрымала пашкоджанні падчас слэму, маўляў, мусіла быць іншай рэакцыя арганізма. Тое, што бачыў хлопец, было больш падобна на страту прытомнасці ці эпілепсію.


Юрый: "Яна проста перада мной упала, з акружэння былі толькі жанчыны і дзяўчаты, якія спрабавалі ёй дапамагчы, ну, а падняць ніхто не мог. А я не першы раз на канцах, менавіта ў слэме, таму чыста інтуітыўна спрабуеш адразу падняць чалавека, бо ўсе мы ведаем, што можа быць. Падняў, спрабаваў яе прывесці ў прытомнасць (далонню па шчоках), але ўбачыў што вочы не закаціліся, а проста вельмі расшыраныя. Вырашыў, што трэба перадаць яе ахоўнікам. Тыя адразу ж панеслі далей, паклалі на лаву, пачалі прыводзіць у прытомнасць. Дзяўчына нібыта рухалася-падымалася, рукамі варушыла, потым падышоў доктар. Ну так, яна стаяла ля сцэны. Але не пасярэдзіне. Правей. Калі ад гледача глядзець. І там не асабліва было цесна. Я сам сышоў ад слэму (з цэнтра) адпачыць. Адзінае, яе маглі іншыя людзі прыціснуць да агароджы".

Еўрарадыё спачувае блізкім Аксаны Сухарукавай. Светлая памяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі