На конкурс “Заспявай 2.0” прыйшло 55 заявак
З іх журы абярэ найлепшых у дзвюх намінацыях — “Кавер” і “Паэзія”.
Паводле ўмоваў сёлетняга конкурсу разглядаліся заяўкі ад канкурсантаў да 27 гадоў. У намінацыю “Кавер” прымаліся вядомыя беларускамоўныя (ці перакладзеныя на беларускую) песні ва ўласным арыгінальным прачытанні. Былі атрыманыя 22 заявы. Канкурсанты пераспявалі песні гуртоў J:Морс, Akute, Zet, “Крама”, “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, Kriwi, “Крамбамбуля”, Naka, “Новае Неба”, “Без билета”, Віктара Шалкевіча ды іншых, у тым ліку, прыйшло два каверы на “Купалінку” і адзін на Adele. Цікава, што ў конкурсе апроч беларускіх музыкаў упершыню ўзялі ўдзел і прадстаўнікі іншай краіны — гурт “Колір:піяна” з Адэсы.
У намінацыі “Спяваная паэзія” пададзеныя 33 заявы. Паводле ўмоваў, неабходна было самастойна выбраць верш вядомага сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і выканаць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку. Канкурсанты спявалі на словы Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Ніла Гілевіча, Віктара Жыбуля, Яўгеніі Янішчыц, Ларысы Геніюш, Андрэя Хадановіча ды іншых.
“Выбіраць сапраўды ёсць з каго!” — адзначаюць арганізатары конкурсу. Усе песні ўважліва адслухае журы, у якое ўваходзяць музыкі Ігар Варашкевіч (“Крама”), Валерый Дайнека (“Беларускія Песняры”) і Алег Хаменка (“Палац”), паэты Адам Глобус і Віталь Рыжкоў, культуролаг Максім Жбанкоў, журналістка Таццяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу.
Прызавы фонд спаборніцтва складае 1000 еўра. Ён можа быць падзелены паміж некалькімі выканаўцамі. Пры гэтым у конкурсе можа быць і адзін пераможца, бо некаторыя выканаўцы падалі заявы ў абедзвюх намінацыях. Вынікі будуць абвешчаныя 14 траўня.