На літоўска-беларускай мяжы невядомыя пашкодзілі камеры назірання
Камеры на літоўскай мяжы / фота — Віцяніс Мішкініс
Дзве камеры відэаназірання, усталяваныя на літоўска-беларускай мяжы, былі напярэдадні пашкоджаныя. Гаворка ідзе пра камеры, усталяваныя на ўчастку, дзе пакуль няма плота, піша Delfi. Са слоў прадстаўнікоў Памежнай службы Літвы, вандалаў было двое. Яны прыйшлі з беларускага боку і пашкодзілі слупы, на якіх былі ўсталяваныя гэтыя камеры. Быў пашкоджаны і кабель, але "сёння ўжо праводзяцца сустрэчы з падрадчыкам", расказаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Гедрус Мішуціс.
Распачалі два дасудовыя расследаванні: па фактах незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы і псавання маёмасці. Прадстаўнік літоўскай Памежнай службы таксама адзначыў, што выпадкі псавання рознай памежнай інфраструктуры з пачатку міграцыйнага крызісу здараюцца даволі часта. Толькі летась іх было больш за 450. Часцей за ўсё ламаюць плот, але былі выпадкі, калі спрабавалі і разбіваць камеры. Пры гэтым літоўскія памежнікі адзначаюць, што апошнім часам колькасць мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу, скарацілася. Да прыкладу, у панядзелак літоўскія службы развярнулі толькі 14 чалавек, якія спрабавалі незаконна трапіць у краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.