На літоўска-беларускай мяжы затрымалі яшчэ 92 мігрантаў
З пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі на беларускім участку мяжы 2430 нелегальных мігрантаў / Reuters
Літоўскія памежнікі затрымалі ў чацвер яшчэ 92 мігрантаў на мяжы з Беларуссю, гаворыцца на сайце Службы аховы дзяржмяжы Літвы.
"З усіх 92 арыштаваных у чацвер замежнікаў 73 прадставіліся грамадзянамі Ірака або мелі дакументы з гэтай краіны", — расказалі памежнікі.
Яны таксама нагадалі, што іракскія грамадзяне складаюць больш за палову ад усіх затрыманых у гэтым годзе мігрантаў (1380 чалавек). Усяго з пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі на беларускім участку мяжы 2430 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 30 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. У 2020 годзе на літоўскай мяжы быў затрыманы 81 такі іншаземец, у 2019-м — 46, у 2018 годзе — 104.
Напярэдадні ўвечары кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс тэлефанаваў свайму іракскаму калегу Фуаду Хусэйну, каб абмеркаваць міграцыйны крызіс. Літоўскія ўлады бянтэжыць павелічэнне авіярэйсаў з Багдада ў Мінск. Яны падазраюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа быць датычны да арганізацыі патокаў нелегальнай міграцыі. "Абодва пагадзіліся з тым, што кантрабандны маршрут Лукашэнкі павінен быць ліквідаваны", — падвёў Ландсбергіс вынікі размовы з іракскім міністрам у Twitter.
Аляксандр Лукашэнка ў апошнія месяцы неаднаразова заяўляў, што праз санкцыі ў яго няма сродкаў на ахову мяжы, як раней. "Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць", — казаў ён, у прыватнасці, у траўні ў парламенце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.