На літоўскай мяжы стаіць больш за 900 грузавікоў
Чэргі грузавых аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы не змяншаюцца. Як паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта, па стане на 14.00 тут стаіць ужо больш за 900 фураў. Напрыклад, у Каменным Логу іх 300, а ў Беняконях 252.
Моцна загружаны цяпер і латвійскі ўчастак мяжы: у Грыгароўшчыне на выездзе з Беларусі чакаюць 140 грузавікоў, а ва Урбанах — 260.
З’явіліся чэргі і ў польскім кірунку, дзе яшчэ ўчора было вольна па ўсіх пунктах пропуску: сёння 120 фураў стаіць на выездзе з краіны ў Брузгах і 68 — у Бераставіцы.
Пра магчымыя складанасці з перасячэннем мяжы папярэджвалі перад выходнымі: у літоўскіх пунктах мытнага афармлення пераўсталёўваюць праграмнае забеспячэнне.