На мяжы з Літвой і Латвіяй сур'ёзна выраслі чэргі вялікагрузаў
Чарга вялікагрузаў ля пункта пропуску на мяжы
За месяц чэргі грузавікоў у Літву выраслі ў 3,5 разу, у Латвію — у 4,3 разу, кажуць у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Калі ў пачатку кастрычніка на беларуска-літоўскай мяжы сваёй чаргі на выезд чакалі 440 фур, то на канец месяца — 1510, на беларуска-літоўскай мяжы колькасць вялікагрузаў вырасла з 90 да 390.
У беларускім памежведамстве лічаць, што ў вялікіх чэргах вінаватыя калегі ў сумежных краінах — яны "не рабілі захадаў па паляпшэнні абстаноўкі, а наўмысна пагаршалі яе на шляхах міжнародных зносін", ігнаравалі нормы пропуску транспартных сродкаў. Між іншага, праз самы запатрабаваны маршрут у ЕС для фураў — літоўскі Мядзінінкай (Каменны Лог) — за месяц прайшло менш за 20% аўтамабіляў ад нормы, кажуць у ДПК Беларусі.
У літоўскай мытні раней ужо адказвалі на гэтыя абвінавачанні. Там кажуць, што заторы звязаныя са скарачэннем пунктаў пропуску на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. У Польшчы і Латвіі цяпер засталося па адным дзейным ПП на мяжы з Беларуссю. Яшчэ 4 памежныя пункты дзейнічаюць на беларуска-літоўскай мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.