Пасля закрыцця латвійскага ПП Сілэнэ чэргі фур выраслі і на ўезд у Літву
У пункце пропуску на мяжы
Закрыццё на латвійска-беларускай мяжы пункта пропуску Сілэнэ (Урбаны) прывяло да росту чэргаў не толькі на ўезд у Латвію, але і ў Літву. Пра гэта заявілі ў Пагранкамітэце Беларусі.
На беларуска-латвійскай мяжы застаўся адзіны памежны пераход Грыгароўшчына (з латвійскага боку — Патэрніекі). Тут уезду на тэрыторыю ЕС раніцай у чацвер чакалі 90 вялікагрузаў. Але самая вялікая чарга з грузавікоў выстраілася перад пунктам пропуску Каменны Лог (Мядзінінкай) на беларуска-літоўскай мяжы — больш за 120 аўто. У ДПК адзначаюць, што літоўскія калегі прапусцілі за суткі на сваю тэрыторыю толькі 20% вялікагрузаў ад нормы. Чэргі грузавікоў на ўезд у Літву стаяць і перад пунктамі пропуску Беняконі (Шальчынінкай), і Прывалка (Райгардас).
Латвія закрыла пункт пропуску Сілэнэ (Урбаны) 19 верасня. У Рызе патлумачылі гэтае рашэнне вялікай колькасцю мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца ў краіну, а таксама неабходнасцю перадыслакаваць рэсурсы. Раней два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю закрыла Літва (Шумскас і Цвярачус). На беларуска-польскай мяжы застаецца працаваць адзін ПП.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.