Бетонныя блокі і калючы дрот: як закрывалі пункт пропуску на мяжы Латвіі з РБ
Беларусь за калючым дротам
Латвійскія памежнікі апублікавалі фотарэпартаж з закрыцця пункту пропуску "Сілэнэ" на мяжы Латвіі з Беларуссю (з беларускага боку — "Урбаны"). Адбылося гэта ўвечары 19 верасня. Там, дзе яшчэ нядаўна праязджаў аўтатранспарт, усталявалі бетонныя блокі і калючы дрот.
Закрыццё памежнага пенкту тлумачыцца вялікай колькасцю выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы з боку РБ апошнім часам, а таксама неабходнасцю перадыслакацыі рэсурсаў (40-50 памежнікаў будуць задзейнічаны для аховы мяжы ў іншых месцах). У Беларусі закрыццё "Сілэнэ" назвалі "беспадстаўным".
Цяпер на беларуска-латвійскай мяжы застаецца толькі адзін дзейны пункт пропуску — "Патэрніекі" (з беларускага боку — "Грыгароўшчына").
Калі сітуацыя з нелегальнымі мігрантамі не палепшыцца, наступным крокам уладаў Латвіі можа стаць поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю. Раней улады Латвіі кансультаваліся па гэтай праблеме з уладамі Літвы і Польшчы.
У жніўні два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю закрыла Літва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.