На Новы год кот Кулінковіча пахмяляецца “Марціні”, а беларускія зоркі...

Еўрарадыё павіншавала з Новым годам вядомых у Беларусі людзей і даведалася, якую палку перагібае самы вядомы ДАІшнік, што п’е кот Кулінковіча, ува што на новы год пераапранаецца Сяргей Гайдукевіч, чаму капалася ў сметніцы Тома Лісіцкая і дзе святкуе новы год шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан
Першага студзеня ў многіх праходзіць падобна. І многія назіраюць вельмі цікавыя карціны раніцай першага дня новага года. Самая запамінальная гісторыя здарылася ў вакаліста гурта Нейра Дзюбель Аляксандра Кулінковіча:

"У мяне перад вачыма стаіць карціна. Мы адзначалі Новы год у мяне дома і заваліліся спаць на вялікай тахце. І раніцай я расплюшчваю вочы і перад намі стаіць стол паўпусты. І па ім ходзіць спакойненька мой кот. Пазірае на нас і разумее, што мы нічога яму не зробім. Бо ўчора перагулялі і ў нікога няма сілаў яго прагнаць. Ён падыходзіць да недапітай шклянкі Марціні і пачынае яго сёрбаць. Адно вока ён зачыніў, а другім пазіраў у наш бок. Гэта я запомніў надоўга".

А Аляксандру Ціхановічу надоўга запомнілася Еўрабачанне. І выступ беларускага выканаўцы.

"Вясёлая гісторыя, якая адбылася ў гэтым годзе была на Еўрабачанні пад час выступу Пятра Ялфімава. Ну ён жа спеў ах..на, як ён сам сказаў. Вось было весела ад гэтага".

Самы жорсткі выпадак прыгадала Тамара Лісіцкая.

"А быў такі жорсткі выпадак, калі я бегла на нейкае мерапрыемства. У адной руцэ ў мяне быў пакет са смеццем, а ў другой пакет з касцюмам канцэртным. І я выкінула не той пакет".

А потым доўга спрабавала дастаць яго са дна сметніка.

А літаральна пару тыдняў таму Тамара Лісіцкая адключыла ўсё беларускае нэт-радыё, застаўся працаваць толькі мікрафон. Трэба было званіць тэхнікам, каб яны па тэлефоне тлумачылі, як усё вярнуць у працоўны стан. А вось мікрафон застаўся ўключаным.

"У выніку каля 40 хвілін было радыё-шоў “Уключэнне тэхнікі”. Без музыкі, без паўз, з прамым тэлефонным выхадам у тэхнічны аддзел. З каментарамі па тэме і не. Я гераічна запускала станцыю!"

А яшчэ стварыла пробку на галоўным праспекце сталіцы ў раёне Уручча.

"Спрабавала павярнуць налева і не знаходзіла ніякага месца, таму што там аказваецца, трэба трымацца правага боку і з'яжджаць па эстакадзе. Але я ж гэтага не ведала. Таму гэта ўсё адбывалася вельмі доўга і за мной сабраўся велізарны натоўп машын".

Жанчыны на дарозе бываюць небяспечныя, але бываюць і вельмі забаўныя. Пра гэта прыгадаў самы вядомы даішнік краіны і тэлевядучы Юрый Красноў, які ў 2009 годзе атрымаў званне выдатніка ДАІ, самае вышэйшае. І зняў сваю бабулю на Мерседэсе ў роліку па правілах дарожнага руху.

"Я ў гэтым годзе прачытаў цікавае тлумачэнне адной жанчыны, якая патрапіла ў ДТЗ. Яна напісала: у ДТЗ я лічу вінаватым астролага, якія хоча мяне забіць і насылае сурокі. Сама я пакутую на рассеяны склероз".

Аляксей Хацкевіч, вядомы нам як Саша з дуэта “Саша і Сірожа” паспрабаваў сябе ў якасці акцёра кіно. Беларуская камедыя "Дастістфантасціш" з яго ўдзелам выйдзе ў лютым. А гісторыя, якая больш за ўсё запомнілася, звязаная акурат з ДАІ.

"Я ехаў на машыне каля парка Горкага, дзе крама "Зрабі сам". Там даішнікі стаялі. Гэта было 9 раніцы. Нядзеля. Летняя цёплая раніца. Яны такія ў белых кашулечках, кепачках пры парадзе машыны тармозяць. Мяне спынілі пачалі дакументы правяраць. Ён стаў тварам да мяне, а задняй часткай да дарогі. А ў гэты момант другі даішнік паркаваў машыну. Яна ехала і з ўсяго размаху як дала люстэркам бакавым па срацы таго, хто у мяне правяраў дакументы. Такі ўдар быў канкрэтны, ён аж афігеў".

А першага студзеня Аляксей любіць больш чым новы год. Таму што ад НГ нешта чакаеш і нічога не адбываецца ў выніку.

"А вось раніцай першага студзеня шмат чаго застаецца яшчэ. Няма спешкі ўсё спакойна. Вось гэта сапраўднае смакаванне моманту".

На Новы год у кіраўніка беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча збіраецца ўся сям'я. А ён сам пераапранаецца нейкія цікавыя рэчы, такія што ўсе смяюцца. А самы прыкольны выпадак у Гайдукевіча звязаны з адным вясёлым чалавекам.

"Сяджу ў альтанцы. Званок. Падымаю слухаўку. Пытаюць: Ты дзе?
Я кажу: Гэта хто?
Ён кажа: А ты хто?
А я гляджу, што нейкі такі голас цікавы ў чалавека, пытаю: А што здарылася?
Кажа: Што ты нешта знік?
Я кажу: Я не знік, я размаўляю па тэлефоне.
І тут ён кажа: Адназначна ты!
Я кажу: Здароў Уладзімір Вольфавіч".

А ў лідэра гурта ТТ-34 у мінулым годзе нарадзіўся сын. А самая смешнае што з ім здарылася — вяселле.

"Я першага студзеня апошнія 20 год праводзіў у бадуне і іншых гэтых страшных рэчах з далейшым паглынаннем алкаголю. Але гэтым разам не п’ю, таму першага бадзёры і вясёлы".

А Ганна Хітрык даведался пра папулярнасць свайго гурта Дзеці дзяцей:

"Мяне запрасілі на адкрыццё фільма “Снайпер”. Я ў ім грала. Я прыйшла ў поўны зал моладзі. І жанчына, якая мяне прадстаўляла, сказала, што той хто ўзгадае, у якім папулярным гурце я граю, атрымае прыз. Ну і я даведалася, наколькі мы папулярныя. Таму што ў зале паднялася толькі адна рука".

А самы вядомы “швед-беларус” Стэфан Эрыксан на Новы год у Беларусі заставаўся толькі адзін раз. І вось цяпер амбасадар таксама паехаў у Швецыю.

"У Беларусі Новы год — хатняе свята, у нас — каляды. А на Новы год усе кудысьці выходзяць і збіраюцца з сябрамі. Ідуць у рэстаран. Ну, моладзь там па сваіх справах".

Ну, а Еўрарадыё застаецца пажадаць усім каб Новы год сапраўды быў для вас святам. А ў жыцці здаралася больш гісторый, і лепш добрых. Без іх сумна жыць і няма чаго ўзгадаць потым, калі з радыё прыходзяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі