На Оршу за 12 гадзін выпала дзве месячныя нормы ападкаў
За ўсю гісторыю Беларусь толькі двойчы "тапіла" мацней / pixabay
Усяго за 12 гадзін на Оршу выпала двухмесяцовая норма ападкаў, падлічылі ў тэлеграм-канале “Надвор’ё”. Тут выпала 117 мм ападкаў. Каб было прасцей зразумець аб'ёмы вады на дарогах, аўтары канала тлумачаць: 1 мм роўны 1 літру вады на квадратны метр.
У Беларусь больш за 117 мм ападкаў за суткі вывальвалася толькі двойчы за ўсю гісторыю: у ліпені 1973 года ў Баранавічах і ў жніўні 1982 года ў Ганцавічах.
Аршанскія выданні публікуюць відэа і фота затопленых вуліц. Жыхары горада ў каментарах пазнаюць вуліцу Воз-ан-Влен.
— Недзе ўжо падмыла дарогу, а некаторым аўтамабілям давядзецца падпраўляць рухавікі. Асабліва тым аўтамабілям, якія ў самы пікавы момант ездзілі па вуліцы Воз-ан-Улен. Тут ліўнёўкі зусім не спраўляліся, і легкавікі з нізкай пасадкай зачэрпвалі ваду, — каментуюць журналісты выдання Орша.eu.
Залівала ўчора не толькі Оршу. На другім месцы па ліку ападкаў апынулася вёска Вялікі Межнік, крыху паўднёвей за Оршу. Шмат ападкаў выпала таксама ў Магілёве і ў Віцебску.
Учора, 27 ліпеня, з-за моцных залеў сіноптыкі абвясцілі для ўсходніх рэгіёнаў Беларусі памяранцавы ровень небяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.