На пляжах французскіх Канаў забаранілі мусульманскія купальнікі
Мэр французскіх Канаў Давід Лінар забараніў з’яўляцца на пляжах жанчын у закрытых купальніках “буркіні” — з меркаванняў бяспекі і грамадскага парадку. Паводле мэра, гэтыя купальнікі з’яўляюцца “сімвалам ісламскага экстрэмізму”, наўмысным выражэннем рэлігійнай прыналежнасці і могуць справакаваць агрэсію і выклікаць патасоўкі ў грамадстве, якое за апошні час некалькі разоў пацярпела ад нападаў радыкальна настроеных ісламістаў.
Парушальнікі гэтай забароны павінны будуць выплаціць штраф у памеры 38 еўра, а таксама або змяніць купальны касцюм на больш прымальны, або пакінуць пляж.
Новае правіла пачало дзейнічаць у Канах яшчэ ў канцы ліпеня, але з таго часу нікога пакуль не затрымалі за яго парушэнне, паведамляе ВВС. Пры гэтым мусульманкі могуць насіць на пляжы свае традыцыйныя хусткі.
“Буркіні” — купальны касцюм для мусульманак, які цалкам закрывае цела ў адпаведнасці з патрабаваннямі шарыяту. Раней у Францыі забаранілі нашэнне паранжы і нікаба.
Французская Ліга правоў чалавека ўжо заявіла, што абскардзіць гэтую забарону ў судзе, бо лічыць рашэнне ўладаў дыскрымінацыяй.