На прэзентацыі "Грамадазнаўства" Вольскі сыграе песні N.R.M.

Новы альбом Лявона Вольскага "Грамадазнаўства" будзе прэзентаваны 11 кастрычніка ў віленскай "Teatro arena".
Па словах музыкі, у першым аддзяленні канцэрта будуць выконвацца песні розных гадоў, якія Лявон пісаў “для розных музычных фармацый”, кшталту "напаўзабытых" песень "Мроі" і"агульнавядомых" "Трох чарапах", "Лёгкіх" ды "Паветранага шару".  А ўжо пасля распачнецца непасрэдна электрычная прэзентацыя “Грамадазнаўства”, у якой возьмуць удзел і нарвежскія музыкі, з якімі запісваўся альбом.


“Гэта будуць два розныя шоў, — прызнаецца Лявон. — Першае будзе ў стылістыцы канца 90-х — пачатку 2000-х, такое настальгічнае. А ўжо другая палова канцэрту будзе такая, больш канцэптуальная, “Грамадазнаўства”.


Канцэрт-прэзентацыя мае назву "Vilnia.Volia.Volskі". На ім можна будзе "падпяваць, танцаваць, размахваць рукамі і незарэгістраванай сімволікай", а можна "проста сядзець за столікам і назіраць за тым, што адбываецца".


Прыхільнікі творчасці Вольскага таксама маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы, каб наведаць канцэрт. Дзеля гэтага трэба папярэдне зарэгістравацца на падачу дакументаў у Літоўскай амбасадзе, а пасля набыць імянны квіток (па адным на пашпарт) у офісе агенцтва "Шаблі" (Мінск, Чарвякова, 6, 3-ці пад'езд).


Калі вы не маеце патрэбы ў візе, можаце проста набыць квіткі на сайце TicketPro.


Больш падрабязную інфармацыю шукайце на сайце shabli.by ці па тэлефоне +375 33 6555596.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі