На развітанне з Капскім Ганчарэнка паляцеў адразу пасля матча ЦСКА — "Спартак"
Галоўны трэнер маскоўскага ЦСКА Віктар Ганчарэнка вылецеў у Мінск 23 верасня адразу пасля матча з маскоўскім "Спартаком" (гульня завяршылася з лікам 1:1), піша sb.by. Ён адправіўся на развітанне са старшынёй праўлення клуба БАТЭ Анатолем Капскім.
Ганчарэнка нават не ўзяў удзел у пасляматчавай канферэнцыі — замест яго выступаў Сяргей Аўчыннікаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, Анатоль Капскі памёр 22 верасня ва ўзросце 52 гадоў. Вядома, што ён працяглы час змагаўся з цяжкой хваробай.
24 верасня з 11.00 да 13.00 на "Барысаў-Арэне" пройдзе грамадзянская паніхіда і развітанне з кіраўніком БАТЭ.
Віктар Ганчарэнка стаў галоўным трэнерам БАТЭ ў 2007 годзе, а ўжо ў 2008-м упершыню ў гісторыі вывеў клуб у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Пасля гэтага ён яшчэ двойчы выводзіў барысаўскую каманду ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У 2013 годзе пасля серыі паразаў Ганчарэнка пакінуў БАТЭ і з'ехаў у Расію.