На сесіі Еўранэст разгледзяць беларускае пытанне
28 траўня ў рамках трэцяй пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства ў Брусэлі адбудзецца паседжанне працоўнай групы па Беларусі.
Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. На мерапрыемствы ў рамках сесіі Еўранэста запрошаныя прадстаўнікі шасці беларускіх апазіцыйных арганізацыі — Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі “Справядлівы свет”, руху “За Свабоду”, кампаніі “Гавары праўду!” і аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Паводле словаў Янукевіча, беларускія дэмакратычныя арганізацыі гатовыя выказваць на сесіі сумесную пазіцыю па шэрагу пытанняў. “Так, мы вітаем дыялог, але падкрэсліваем, што ён павінен быць абумоўленым. Паўнавартасны, паўнафарматны дыялог можа быць толькі пасля вызвалення палітвязняў і аднаўлення іх у палітычных і грамадзянскіх правах”, — сказаў палітык.
Таксама ён паведаміў, што ў Брусэлі запланаваная сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных арганізацый з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламенту Яцэкам Пратасевічам. Акрамя таго, спрабуюць арганізаваць сустрэчу з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфанам Фюле.