Пасля ўвядзення еўра латвійцы могуць кінуцца за прадуктамі… ў Беларусь
З 2014 года Латвія развітаецца з латам.
4 чэрвеня Еўрапейская камісія дала дабро на ўступленне Латвіі ў еўразону з наступнага года. У дакладзе арганізацыі адзначаецца, што на дадзены момант краіна выконвае ўсе неабходныя ўмовы для ўвядзення адзінай еўрапейскай валюты.
“Адзначаецца, што да крызісу па прычыне непрадуманай эканамічнай палітыкі мы страцілі канкурэнтаздольнасць. Але цяпер мы ўжо ўзнавілі канкурэнтаздольнасць, але мусім сачыць за яе фактарамі”, — каментуе сітуацыю прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс.
Аднак не ўсе глядзяць на ўвядзенне еўра аптымістычна. Эканаміст і бізнэсмэн Яніс Ошлейс лічыць, што Латвіі было б выгадней пакінуць лат, бо карысць ад знаходжання ў еўразоне атрымліваюць толькі краіны з моцнай эканомікай. Іншыя ж пасля ўвядзення еўра сутыкаюцца з праблемамі.
Яніс Ошлейс: “Увогуле, мы бачым, у ЕС пасля ўвядзення еўра, у першыя месяцы кошты вырастаюць не моцна. Але ў больш доўгай перспектыве кошты выраўноўваюцца па ўсёй Еўропе. Мы бачым, што цягам 4-5 гадоў кошты вырастуць на 20-30%”.
Не мае ілюзій наконт агульнаеўрапейскай валюты і большасць латвійцаў: увядзенне новай валюты падтрымлівае толькі 36% жыхароў краіны, а значная большасць — 62% — выступаюць супраць. Нядаўна нават пачаўся збор подпісаў на правядзенне рэферэндуму аб захаванні лата.
“Большасць латвійскага народа супраць увядзення еўра — гэта факт. У канстытуцыі пазначана, што ўся ўлада належыць народу. Дзеянні дэпутатаў супраць народа недапушчальныя і незаконныя”, — адзначае аўтар ініцыятывы Гіртс Мазурыс.
Па словах эканаміста Яніса Ошлейса, пасля ўступлення ў еўразону Латвію чакае рост коштаў — яны будуць набліжацца да коштаў іншых краін еўразоны, а банкі ўключацца ў агульную еўрапейскую сістэму крэдытавання. А вось заробкі будуць павышацца вельмі павольна. На думку Ошлейса, з-за падаражання тавараў на радзіме латвійцы пачнуць часцей ездзіць па танныя прадукты у Беларусь. Асабліва гэта тычыцца тых латвійцаў, якія могуць ездзіць у нашу краіну без віз у межах малога памежнага руху.
Яніс Ошлейс: “Мы бачым, што эстонцы цяпер шмат прыязджаюць у Латвію, каб набываць прадукты. Тое ж самае будзе і з латвійцамі ў Беларусі”.
Дарэчы, малы памежны рух ужо цяпер карыстаецца значна большай папулярнасцю ў жыхароў Латвіі, чым у беларусаў. Летась жыхары суседняй краіны атрымалі ад нашай краіны 9,5 тысяч дазволаў на бязвізавы ўезд. Гэта ў 6 разоў больш за колькасць беларусаў, жадаючых ездзіць без візы ў Латвію.
Фота: tlc-travel.com.ua