Анаіс Марын: Аб’яднаная Еўропа мусіць знайсці амбітныя мэты ў Беларусі

Еўрарадыё: Калі абмяркоўваць стасункі Беларусі з бліжэйшымі суседзямі, то адразу асацыяцыі ў нас з Расіяй, але бліжэйшы наш сусед  і Еўрапейскі Саюз. Як вы бачыце перспектывы развіцця дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і ЕС? Ці  дасягнуць рэальных вынікаў у развіцці стасункаў з ЕС магчыма толькі краінам, якія ўжо ўзялі курс на еўраінтэграцыю?

Анаіс Марын: Пытанне еўрапеізацыі Беларусі і яе ўваходу ў вялікую еўрапейскую сям’ю –  гэта не толькі пытанне еўраінтэграцыі – уваходу ў Еўрапейскі Саюз. Таму ў мяне ёсць спадзеў, што знойдуцца прынцыпы, па якіх Беларусь можна інтэграваць неяк у Еўропу. На дадзены момант ЕС ставіць свае ўмовы, якія афіцыйны Мінск не можа прыняць. Для адкрыцця дыялогу патрэбна ў першую чаргу вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў. Мне падаецца, гэта нерэальныя патрабаванні для Мінска нават з юрыдычнай кропкі гледжання. Нават у дэмакратычных краінах было б дзіўна, калі б кіраўнік дзяржавы адмяніў рашэнне суда. Гэта ўмяшальніцтва выканаўчай улады ў справы судовыя.

Еўрарадыё: Можа цяпер ужо позна мець такія жорсткія патрабаванні да беларускага боку, варта было Еўропе раней дэманстраваць сваю цвёрдую пазіцыю, калі ішлі судовыя працэсы?

Анаіс Марын: Так сапраўды, мне падаецца, што ў ЕС няма добрай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, па-першае заўсёды спазняюцца тыя рашэнні якія прымаюцца, спазняюцца на месяцаў 6, па-другое, часам з’яўляюцца нейкія магчымасці распачаць дыялог і, на жаль, іх прапускаюць. На дадзены момант, пасля двух з паловай гадоў пасля прэзідэнцкіх  выбараў, пасля ўвядзення санкцый, ніякіх сапраўдных крокаў мы не бачылі з боку афіцыйнага Мінска. З іншага боку, і ў ЕС, і ў Мінску хочуць нармалізацыі стасункаў. І, на жаль, мне падаецца, што ЕС гатовы цяпер саступаць, да прыкладу патрабаваць вызвалення палітвязняў, а не іх рэабілітацыі.

Еўрарадыё: Чаму адбываецца гэтае спазненне: таму што ў ЕС вялікая бюракратыя ці таму, што Еўропе Беларусь не цікавая?

Анаіс Марын:  І першае, і другое, усё ж такі мы гаворым пра 27 краінаў, якім па нейкіх пытаннях цяжка прыняць агульнае рашэнне.  Адным цікава, іншым не, ёсць яшчэ і бізнэс-інтарэсы, і геапалітычныя аспекты. Мая краіна Францыя, скажам, не цікавіцца дастаткова, і глядзіць на адносіны ЕС з Беларуссю праз прызму Расіі. Калі будзе ўражанне, што пэўныя захады будуць раздражняць Маскву, то пытанне вырашаецца не на карысць Беларусі.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што Беларусь таксама зацікаўлена ў дыялогу. Падрыхтавана Еўропа пачуць афіцыйны Мінск?

Анаіс Марын: Мне здаецца, што так. Але Еўропа не можа пайсці на дыялог з Мінскам, каб не згубіць свой твар. У ЕС ёсць прынцыпы, афіцыйная заява, што дыялогу не будзе, пакуль сядзяць палітвязні. Але за кулісамі ёсць схаваная дыпламатыя, і дыялог вядзецца, толькі мы не ведаем пра змест гэтых размоў. І, на жаль, яны могуць мець пэўныя вынікі. Калі вы ўзгадаеце сустрэчу міністра замежных спраў Балгарыі Младэнава з Лукашэнкам, то афіцыйны Мінск  гатовы быў вызваліць некаторых палітвязняў, але калі гэтая інфармацыя патрапіла ў СМІ, то ўсё вярнулася на папярэднія пазіцыі. І шанец быў страчаны.

Еўрарадыё: Калі мы кажам пра вызваленне палітвязняў, то гэта пытанне будзе падымацца перад Самітам Усходняга Партнёрства ў Вільні, які пройдзе ў лістападзе. Некалькі палітвязняў перад Самітам выйдуць на волю, скажам Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, і не таму, што іх вызваліць рэжым, проста іх тэрмін зняволення скончыцца. Як адрэагуе на гэта Еўропа, бо беларускі рэжым будзе прэзентаваць гэта так, што палітвязні паступова вызваляюцца?

Анаіс Марын: ЕС прынцыповы, і, мабыць гэта да лепшага, бо гэта інстытуцыя, у якой ёсць каштоўнасці. Спачатку было патрабаванне – вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, адначасова. ЕС не хоча весці ніякага гандлю, але, ведаючы псіхалогію такіх рэжымаў, іначай не атрымаецца.

Еўрарадыё: У сваіх даследаваннях вы выкарыстоўваеце паняцце дыктапламатыя, што гэта – дыпламатыя з дыктатурай?

Анаіс Марын: Не, гэта дыпламатыя дыктатараў. Гэты тэрмін быў уведзены  для апісання знешняй палітыкі паўночнай Карэі і Ірана. Рэжымы гэтых краін карыстаюцца дыпламатыяй, каб узмацніць свае палітычныя сістэмы, і намагаюцца змяніць баланс у міжнародных стасунках. Як палітолагу, мне цікава прааналізаваць, чаму дыктатарскія рэжымы не толькі трымаюцца, але і ўзмацняюцца, скажам, тая ж Сірыя. Больш таго, змяняюць міжнародны баланс, а такіх краін з аўтарытарным ці паўаўтарытарным рэжымам  30 адсоткаў ад усёй колькасці краін свету, гэта нямала. У іх існуюць стратэгічныя аб’яднанні, якія абралі трэці кірунак развіцця. Яны знутры спрабуюць змяніць правілы дэмакратыі, скажам у арганізацыю АБСЕ   ўваходзяць і Беларусь, і Казахстан, і Расія, яны зацікаўлены ў змене крытэрыяў па якіх ацэньваецца якасць правядзення выбараў. А ад гэтага можа  пацярпець дэмакратыя ў цэлым свеце. Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рэжым змог змяніць баланс, таму што цяпер ЕС у тупіковай сітуацыі, ён ізаляваў рэжым, а той знайшоў выйсце на Усход. 

Еўрарадыё: Калі мы кажам пра выйсце на Усход, рэжым чарговы раз пабег у абдымкі Расіі, а ўзамен, як вы напісалі ў адным са сваіх артыкулаў, адбыўся гандаль  суверэнітэтам. Маю на ўвазе бяспеку і абарону, узнікае пытанне: ці бачыць Еўропа ў Беларусі такога ж партнёра, як бачыць яго Расія?

Анаіс Марын: Не, у ЕС у межах таго ж Усходняга Партнёрства галоўныя інтарэсы ва Украіне, у Азербайджане. Скажам, апошняя рэспубліка таксама аўтарытарная, але там ёсць нафта, і еўрапейцы закрываюць вочы на хібы ў палітычным рэжыме. Беларусь мае значэнне толькі як шчыт, на жаль, мусім выкарыстоўваць рыторыку Аляксандра Лукашэнкі. Як шчыт ад нелегальнай міграцыі, як буферная зона.

Еўрарадыё: Сёлета пройдзе Саміт Усходняга Партнёрства. Беларусь будзе на ім цікавая Еўропе?

Анаіс Марын: Гэты Саміт арганізоўвае Літва, і для гэтай краіны вельмі важна, каб поспехі і вынікі Саміту былі. У першую чаргу гэта падпісанне Пагаднення аб Асацыяцыі з Украінай.  Калі казаць пра Беларусь, то існуе праблема ў тым, што некалькі месяцаў абмяркоўваецца пытанне дыпламатычнага пратаколу, каго і на якім узроўні можна ад Беларусі запрасіць,  але не абмяркоўваецца тое, якія пытанні з Беларуссю падымаць падчас Саміту.

Еўрарадыё: Мы пераканаліся ў тым, што Беларусь даволі складаны гулец, і складваецца ўражанне, што Еўропа не ведае, што рабіць з Беларуссю. Да меркавання каго прыслухоўваецца Еўропа, калі фарміруе палітыку ў дачыненні да Беларусі?

Анаіс Марын: Мне здаецца, што абапіраюцца на меркаванне апазіцыі.

Еўрарадыё: Можа гэта добра?

Анаіс Марын: І гэта якраз ні да чаго не прывяло, ні да дэмакратызацыі краіны, ні да вызвалення палітвязняў. Вядома, ёсць падтрымка грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Аднак стратэгічна ЕС мусіць знайсці свае мэты, амбітныя мэты ў Беларусі. 

Спецыяльна для праграмы Форум Беларусь

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі