На ўчастках з празрыстымі скрынямі за Лукашэнку галасуюць 87%

На паседжанні Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына настойліва просіць кіраўнікоў абласных выбаркамаў усталяваць як мага болей празрыстых скрынь, “бо апазіцыйная грамадскасць патрабуе”.

У Чачэрскім раёне на мінулых прэзідэнцкіх выбарах усе скрыні былі празрыстымі: і для датэрміновага галасавання, і для асноўнага дня.

“Невялікая частка сродкаў на набыццё скрыняў была выдзеленая прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, а асноўная — сродкі прадугледжаныя на правядзенне выбарчай кампаніі, якія выдзяляюць участковым камісіям”, распавядае Еўрарадыё в.а. начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы Чачэрскага райвыканкама Вадзім Плуткевіч.

Чаму б незалежным назіральнікам не арганізаваць назіранне ў такім раёне з празрыстымі скрынямі і не параўнаць вынікі з агульнымі?

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка, які займаўся незалежным назіраннем на выбарах, увогуле здзіўляецца інфармацыі пра празрыстыя скрыні і кажа, што ў Чачэрскім раёне незалежных назіральнікаў дакладна не было.

“Я ўвогуле не ведаю ніводнага чалавека, які б у Чачэрскім раёне займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Там у гэтым плане ўсё вельмі дэпрэсіўна”, кажа Судаленка.

Вынікі выбараў у раёне з празрыстымі скрынямі не вельмі добрыя для апазіцыйных кандыдатаў. Лукашэнка тут набірае 83 працэнты галасоў. І толькі адзін кандыдат ад апазіцыі, Рыгор Кастусёў, пераступае двухпрацэнтны бар’ер і набірае 2,82 працэнта галасоў. За Саннікава галасуе 29, а за Някляева — толькі 19 чалавек з амаль 11 тысяч тых, хто бярэ ўдзел у галасаванні.

Яўка ў Чачэрскім раёне

Галасаванне ў Чачэрскім раёне

Столінскі раён на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе таксама галасаваў з празрыстымі скрынямі. Першыя такія скрыні тут з'явіліся на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Набывалі за кошт раённага бюджэту ў якасці эксперыменту. Пазней на мясцовыя выбары за кошт прадпрыемстваў набылі яшчэ. На прэзідэнцкіх выбарах было ўжо 74 скрыні: па адной на кожным участку.

Рабіў скрыні мясцовы прадпрымальнік, кожная абышлася амаль у 100 долараў.

Але і ў Столінскім раёне незалежнага назірання за выбарамі таксама не было. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі не прыгадвае, каб нехта назіраў за выбарамі. Але кажа, што вынікі ад гэтага не залежаць.

“Бо празрыстыя скрыні не ўплываюць на сітуацыю. Розніцы не было па выніках падліку на ўчастках з празрыстымі і непразрыстымі скрынямі. Кожны сябра камісіі налічыў свой стос бюлетэняў, напісаў вынік на запісках, перадаў старшыні камісіі. Яна ў асобным пакоі напісала пратакол, усе яго падпісалі. Асобна кожны бюлетэнь не паказвалі. У такой сітуацыі нават асобны сябра камісіі не ведае агульных вынікаў па ўчастку”.

Вынікі выбараў і тут не моцна адрозніваюцца ад агульных. Нават наадварот — Лукашэнку падтрымліваюць 87,78%.

Галасаванне ў Столінскім раёне

Яўка ў Столінскім раёне (атрымалі бюлетэні 52 358 чалавек, а ўзялі ўдзел у галасаванні 52 356. Атрымліваецца, два чалавекі забралі бюлетэнь з сабой)

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі