На ўдзел у Еўрабачанні ад Беларусі падалі рэкордную колькасць заявак

4-5 снежня ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі абяруць 15 фіналістаў, якія пазмагаюцца за права прадставіць Беларусь на Еўрабачанні-2015. 

"Да праслухоўвання дапушчаныя 100 удзельнікаў. Гэта будуць як сольныя выканаўцы, так і бэнды. Таксама журы праслухае кампазіцыі, якія даслалі не выканаўцы, а аўтары песень", — кажа прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

Па словах Святланы, сёлета арганізатары беларускага адбору атрымалі рэкордную колькасць заявак — больш за 100. Праўда, некаторыя былі запоўненыя некарэктна, таму да праслухоўвання выканаўцаў не дапусцілі. 

Сярод удзельнікаў праслухоўвання — мінулагоднія фіналісты нацыянальнага адбору: Napoli, Switter Boys, Аляксей Грос, Дарыя, Жанет, Анастасія Меляшкевіч. Канкурэнцыю ім складуць новаспечаныя Milki пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыбака, трыа "Інжыр", маладыя артысты, якія выраслі з "Дзіцячага Еўрабачання": Дыяна Громава і Мікіта Журовіч, неўтаймаваная Гюнеш, дуэт Юзары і Маймуна, Віталь Варанко, Zombi Band, гурт "Рокаш" і іншыя.

"Вельмі прыемна, што многія маладыя артысты разумеюць, што ўдзел у нацыянальным адборы і траплянне ў фінал — гэта вельмі добрая магчымасць нагадаць пра сябе, прадставіць свае новыя песні, заявіць пра сябе і атрымаць час у тэлеэфіры. То бок гэта вельмі добрая рэклама для пачаткоўцаў", — працягвае Святлана.

Узначаліць журы нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2015" Аляксандр Ціхановіч. Кампанію народнаму артысту Беларусі складуць кампазітар Васіль Раінчык, кіраўнік "Радиус FM" Алена Трашчынская, вядучая "Беларусь 1" Вольга Рыжыкава і выканаўчы прадзюсар "Беларусь 1" Яўген Папковіч, музычны рэдактар "Радио Рокс" Андрэй Халадзінскі і начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыяна Драбовіч.

Паўфіналы нацыянальнага адбору пройдуць 4-5 снежня. Гэтым разам паглядзець іх можна будзе жыўцом праз анлайн-трансляцыю. У першы дзень журы плануе праслухаць 60 удзельнікаў, у другі — 40. 15 фіналістаў адбору будуць аб'яўленыя ўвечары 5 снежня.

Фінал адборачнага туру адбудзецца 26 снежня ў жывым эфіры тэлеканала "Беларусь 1". Усю арганізацыю нацыянальнага адборачнага туру і падрыхтоўку прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанне" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне сябра Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Еўрарадыё абрала некалькіх выканаўцаў, якія падалі заяўкі на ўдзел у нацыянальным адборы на Еўрабачанне.

Трыа ІНЖЫР – Go on, Baby

Uzari & Maimuna – Time

Sweet brains - Run away

Aura - Закаханая (песня на беларускай мове. Музыка — Яўген Алейнік, тэкст — Юлія Быкава)

NAPOLI - My dreams

Трошкі "трэшачку" таксама на зашкодзіць. Гурт Switter Boys весела спявае: Ice, Ice, Nice, Nice. Samba, hockey, paradise.

Switter Boys – Ice Nice

Ганна Шалюціна - Лініі

У гэтым плэйлісце можна паслухаць больш выканаўцаў, якія падалі заяўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі