Абвешчаныя дата і месца “Еўрабачання”, якое пройдзе налета
Конкурс прыме Швецыя.
Арганізатары “Еўрабачання” абвясцілі дату і месца правядзення гэтага песеннага конкурсу ў 2016 годзе. Ён пройдзе на сцэне Global Arena ў Стакгольме. Паўфіналы конкурсу адбудуцца 10 і 12 траўня, а фінал — 14 траўня.
Сёлета “Еўрабачанне” выйграў прадстаўнік Швецыі Монс Сельмерлёў. Гэтая краіна неаднаразова выйгравала конкурс і рабілася пастаўшчыком сусветных зорак поп-музыкі. Напрыклад, адным з першых гуртоў, якія набылі вядомасць пасля “Еўрабачання”, стала Abba. Гэты гурт у песняй Waterloo у 1974 годзе заняў першае месца і песня стала сусветным хітом. Не так даўно, у 2012 годзе конкурс выйграла спявачка Ларын.
Беларусь удзельнічае ў “Еўрабачанні” з 2004 года. Сёлета на конкурсе ў Аўстрыі выступаў дуэт Usari&Maimuna, аднак не змог выйсці ў фінал. Найлепшы вынік Беларусі — 6-е месца ў фінале, якое ў 2007 годзе заняў Дзмітрый Калдун.