На збітых абаронцаў Курапатаў міліцыя склала пратаколы

На збітых абаронцаў Курапатаў міліцыя склала пратаколы

На траіх актывістаў, якія звярнуліся ў міліцыю з нагоды начнога нападу ў Курапатах, склалі пратаколы за несанкцыянаваны пікет. Аляксею Калюшнічэнку, Юрасю Лукашэвічу і Алегу Дашкевічу прапанавалі даць паказанні наконт нападу пад відэакамерамі. Яны адмовіліся. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Аляксей Калюшнічэнка. Цяпер актывістаў адпусцілі.

Калюшнічэнка: “Мы прыйшлі пісаць заявы наконт нападу. Там яшчэ чакалі паўтары гадзіны, пакуль не прыехаў начальнік. Пасля на нас склалі пратаколы за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Наконт нашых паказанняў з-за начнога нападу, сказалі, што нашы словы будуць здымаць на відэакамеру, мы адмовіліся”.

Аднаму з актывістаў, Юрасю Лукашэвічу, стала дрэнна ў міліцыі, падчас нападу ўначы яго моцна ўдарылі па галаве. Пасля выхаду з апорнага пункта Савецкага РУУС ён паехаў у лякарню.

Як паведамляла Еўрарадыё, уначы 23 лютага на групу актывістаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра на месцы, не так даўно выведзеным з ахоўнай зоны мемарыялу, напала 15-20 чалавек у масках і з драўлянымі палкамі. Яны збілі людзей, разбурылі намёт, перакулілі бочку з вогнішчам і ўцяклі. Як вядома, у Курапатах пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі