Нацыя, якая акрыяла на пратэсных маршах: інтэрв'ю са Святланай Алексіевіч

Можа быць, не ў гэтым пакаленні, але беларуская нацыя ўсведоміць сябе, лічыць Святлана Алексіевіч / калаж Улада Рубанава
Можа быць, не ў гэтым пакаленні, але беларуская нацыя ўсведоміць сябе, лічыць Святлана Алексіевіч / калаж Улада Рубанава

Існуе меркаванне, што беларуская нацыя пачала фарміравацца параўнальна нядаўна. Пры гэтым згадваецца, што важную ролю ў яе станаўленні адыгралі падзеі жніўня-2020 у Беларусі. Ці сапраўды пратэсты сталі калыскай беларускай самасвядомасці?

— Я думаю, што нацыя не фарміруецца за два дні жніўня, якімі б крывавымі яны ні былі. Гэта выплыла з-пад свядомасці — і сцяг ,і "Жыве Беларусь", і гэтыя выдатныя людзі, — распавядае Еўрарадыё беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч. — Я памятаю гэта адчуванне на маршы — столькі прыгожых жанчын у белым з кветкамі. Сапраўды, усе людзі ішлі на свята. Гэта цяпер кажуць, маўляў, чаму не стралялі, не бралі Акрэсціна. Але ніхто на гэта не настройваўся, усе ўзрадаваліся адно аднаму. Узрадаваліся, што ёсць шмат аднадумцаў з марай, якая дзесьці там тлела. Нельга сказаць, што ўсё гэта пачалося менавіта 9 жніўня. Гэта было б занадта неглыбока.

“Нацыя, якая спазнілася”

У 2020 годзе беларусаў ахапіла пачуццё яднання, салідарнасці і падтрымкі. Людзі з'ядналіся — але чаму толькі зараз?

— Мы сапраўды нацыя, якая спазнілася, падабаецца гэта камусьці ці не, — кажа пісьменніца. — Мы вельмі шмат часу страцілі, шмат страцілі лепшых людзей. За гэтыя 30 гадоў людзі сталі ездзіць, сталі бачыць свет. Людзі сталі думаць: "А хто я?”

Кожны з нас — назапашванне роду, назапашванне агульнай калектыўнай памяці. І тут, у рэшце рэшт, гэта стрэліла. Інакш не было б столькі людзей, не было б гэтага сцяга. Я да гэтага часу памятаю той сцяг, які неслі дарослыя і дзеці.

Нация, воспрявшая на протестных маршах: интервью со Светланой Алексиевич
Шматметровае палатно БЧБ-сцяга на мірнай акцыі пратэсту ў Мінску / Ulf Mauder / dpa / Global Look Press

— Гэта выявілася, праявілася цяпер, — працягвае Алексіевіч. — Гэта як фотастужка — там ужо існуюць усе партрэты, але трэба гэта пакласці ў нейкі раствор, і тады выявіцца тое, што на гэтай плёнцы. Мне здаецца, гэта адбылося ў тыя дні і адбываецца цяпер.

“Супала дзве катастрофы”

Чарнобыльская трагедыя чорнай плямай лягла на Беларусь. Рэха Чарнобыля да гэтага часу адгукаецца анкалагічнымі захворваннямі і неспрыяльным экалагічным становішчам. Пры гэтым можна сказаць, што пра жахі радыяцыйнай катастрофы беларусы не казалі так масава, як пра цяперашнюю пандэмію каранавіруса. З чым гэта звязана?

— Чарнобыль — гэта была тая рэч, якую мы не ўсвядомілі, — успамінае пісьменніца. — Гэта звялі або да палітычнай праблемы, або да медыцынскай. Так, быў усплёск "Чарнобыльскіх шляхоў" некалькі першых гадоў. А людзі былі ў разгубленасці. Тут супала дзве катастрофы — "касмічная" і сацыяльная, калі сышоў "сацыялістычны мацярык". І сацыяльная настолькі прыціснула людзей, што "касмічную" катастрофу яны не асэнсавалі.

Што тычыцца кавіда, то майце на ўвазе, што мы цяпер жывём у адкрытым свеце. Вы заходзіце ў інтэрнэт і даведаецеся, што такое кавід. Гэта тое, чаго мы не мелі тады, калі здарыўся Чарнобыль. І яшчэ галоўнае, што адбылося за гэты час, — з'явілася каштоўнасць чалавечага жыцця. Людзі не хочуць ісці паміраць на вайну. Заўважце, не хочуць паміраць нават падчас рэвалюцыі — мы шукалі іншыя формы супрацьстаяння. Чалавек стаў даражэйшым для самога сябе, сёння мы маем справу з іншым чалавекам.

Нация, воспрявшая на протестных маршах: интервью со Светланой Алексиевич
“Чарнобыльскі шлях” / vytoki.net

Не загінуць падчас трыумфу "чыстага зла ўлады"

Гвалт у дачыненні да нязгодных, бесперапынныя "суды" і крах прававой сістэмы ў Беларусі не пакідаюць надзеі на абарону ад дзеянняў цяперашняй дзяржавы. Як свядомаму беларусу не растварыцца ў "рэпрэсіўным пузыры"?

— Я думаю, што на сённяшні момант у нашым беларускім грамадстве чалавек застаўся голы. Ён абсалютна адзінокі і можа разлічваць толькі на самога сябе, на незалежныя каналы, якія яшчэ спрабуюць нешта сказаць, на кнігі, якія яшчэ выходзяць, — мяркуе пісьменніца. — Чаму Лукашэнка так бясчынствуе? Таму што ў гэтай прасторы ён адчувае сябе гаспадаром жыцця. Ён вывучыў слабасць чалавечай прыроды, вывучыў "сялянскую псіхалогію", паколькі ён сам адтуль. Я б сказала, што гэта чыстае зло ўлады, якая існуе сама для сябе.

Нация, воспрявшая на протестных маршах: интервью со Светланой Алексиевич
Мірная акцыя пратэсту ў Мінску, 2020 год / Еўрарадыё

Нішто не вечнак, у тым ліку рэжым і яго рэпрэсіі. Як доўга Беларусь будзе спраўляцца з наступствамі аўтарытарызму, зробіць высновы з мінулага?

— Самае страшнае будзе вылезці з-пад гэтай траўмы, — перакананая Святлана Алексіевіч. — Тысячы збітых людзей, сотні скалечаных. Прыніжаная нацыя — гэта глыбокая гістарычная траўма.

Аднойчы на пратэстным "Маршы пенсіянераў" у аднаго старога спыталі: "Чаму вы прыйшлі?"А ён кажа: "Мы пакідаем краіну, за якую мне сорамна. Я нічога не змог зрабіць ні для дзяцей, ні для ўнукаў. Я хачу хаця б зараз пайсці і сказаць сваё слова. Цяпер, калі зразумеў, што мы няправільна жылі, так не трэба жыць".

Я спадзяюся, беларусы зробяць шмат высноў. Можа быць, не ў гэтым пакаленні, таму што ў гэтым пакаленні мы падзеленыя — ябацькі, пратэстоўцы. Але я не думаю, што тая сітуацыя, якая ў нас сёння, — гэта надоўга.

Нация, воспрявшая на протестных маршах: интервью со Светланой Алексиевич

— Відавочна, што самі мы з гэтым не справімся. Нам патрэбна міжнародная дапамога, салідарнасць. Мы занадта маленькі народ, занадта шмат страху назапашана генетычна, — разважае Святлана Алексіевіч. — Калі б мы хаця б дзесяць гадоў пажылі сярод тых людзей, якімі мы былі на маршах, гэта была б зусім іншая краіна, якую так хутка ў стойла не загналі б.

Нам, на жаль, няма на што абаперціся. А калі і ёсць на што, то яно дзесьці схавана ў архівах, у кнігах, якія народ не чытае. 30 гадоў мы гэтага не рабілі, большасць людзей жыла — і іх гэта не займала. Таму ўсім трэба час, усяму трэба вучыцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі