Намаганнямі раварыстаў у Брэсце з'явіцца агульны веламаршрут

У Брэсце напрыканцы лістапада была зацверджана схема арганізаванага веламаршруту. Супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама правялі пашпартызацыю маршрутаў на тэрыторыі 13 мікрараёнаў горада. Іх складалі грамадскія ініцыятывы Брэста: клубы "Кола–БОК", "Ра Дея", аб'яднанне "Крынічка" і кампанія "За Вела-Брэст".

Паводле слоў каардынатара кампаніі "За Вела-Брэст" Уладзіміра Красько, у 2013 годзе раварысты розных клубаў аб'ядналіся, каб распрацаваць пажаданую мапу велатрас.

"Гэта было тэхнічнае пасяджэнне па разглядзе пашпартоў для велатрас, зробленых намі (кампаніяй "За Вела-Брэст". — Еўрарадыё) і іншымі ініцыятывамі гораду. Яны былі прынятыя, і па іх выніках створаны праекты будучых велатрас. А як яны будуць ажыццяўляцца — ці да 2015 года ўсё з'явіцца, што запланавана, ці зноў з-за недахопу фінансавання не зробяць — будзем глядзець, будзем кантраляваць гэты працэс",  — распавядае Уладзімір Красько.

Да гэтага веладарожкі ў абласным цэнтры існавалі паасобку ў розных мікрараёнах. "Звязаць" іх у адзіную сетку плануецца да канца 2015 года. Іх агульная працягласць складзе амаль 68 кіламетраў.

Адзіным недахопам у існуючай схеме з'яўляецца тое, што большасць трас уяўляе сабой не паўнавартасную веладарожку, а велапаласу — тратуар, які падзелены разметкай для руху як раварыстаў, так і пешаходаў. Працягвае Уладзімір Красько:

"Велапаласа на тратуары — гэта, вядома, не тое, што павінны жадаць раварысты. Усё роўна гэтыя палосы занятыя пешаходам. Гэта натуральна і нармальна, бо людзі не падзяляюць яшчэ тратуар паміж роварамі і пешаходамі. Але ёсць станоўчыя зрухі і будзем спадзявацца, што год за годам мы будзем адваёўваць для раварыстаў месца ў горадзе".

Апроч адзінага маршрута, гарвыканкам улічыў агучаныя раварыстамі недарэчнасці, якія сустракаюцца па дарозе. Было вырашана зрабіць некалькі соцень пандусаў на высокіх бардзюрах. Стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў некаторых мікрараёнах плануецца завяршыць ужо да 1 чэрвеня 2014 года.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі