Нарадзіўся ў Грузіі, кар'ера ў КДБ: 6 фактаў пра новага кіраўніка СК Беларусі
Дзмітрый Гара / prokuratura.gov.by
Кіраўніком Следчага камітэта Беларусі прызначаны Дзмітрый Гара. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка генпракурора, а да таго 26 гадоў адпрацаваў у КДБ.
У крэсле старшыні СК Гара замяніў Івана Наскевіча, які ўзначальваў ведамства з 2015 года. Дзе цяпер будзе працаваць Наскевіч — невядома. Як і тое, звязана яго адстаўка з тым, што ў Адміністрацыі прэзідэнта яго працай незадаволеныя, ці гэта проста перавод на іншую працу. Але вось пра тое, хто такі Дзмітрый Гара, ужо можна сказаць некалькі слоў.
Нарадзіўся ў Грузіі, вучыўся ў Маскве
Як і многія беларускія сілавікі, якія зрабілі кар'еру пры Лукашэнку, Дзмітрый Гара нарадзіўся за межамі Беларусі. Ён ураджэнец Тбілісі.
У 1993 годзе Гара скончыў маскоўскі Ваенны Чырванасцяжны інстытут па спецыяльнасці "Правазнаўства". У 2018 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка".
26 гадоў у КДБ
У беларускіх сілавых структурах Гара з верасня 1993 года. Пачынаў як следчы, потым пайшоў угору па кар'ернай лесвіцы. Старшы следчы, старшы следчы па асабліва важных справах, начальнік следчага аддзела ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці.
З лістапада 2009 да снежня 2019 года — начальнік следчага ўпраўлення КДБ.
Расследуе гвалт з боку сілавікоў
У снежні 2019 года Дзмітрый Гара займае пасаду намесніка генпракурора. На гэтай пасадзе сустракае выбарчую кампанію 2020 года і масавыя пратэсты, якія пачаліся пасля выбараў. Менавіта Гара ўзначальвае міжведамасную камісію па расследаванні прымянення гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.
Праўда, Еўрарадыё невядома, каб вынікам працы гэтай камісіі стала хоць адна крымінальная справа за збіццё, катаванні або забойствы, якія адбыліся ў жніўні ў беларускіх гарадах.
Змагаўся з "фэйкамі"
У ліпені перад прэзідэнцкімі выбарамі Дзмітрый Гара быў з візітам на "Магілёўхімвалакно", дзе расказваў пра пагрозы "фэйкаў":
"Мы з вамі жывём у грамадстве, дзе інфармацыя іграе найважнейшую ролю. Дзяржорганы сёння робяць усё магчымае, каб выключыць паступленне "фэйкаў" (фальшывых навін) у СМІ і даць народу найбольш поўную інфармацыю з надзейных, правераных крыніц. Кожны з нас павінен сур'ёзна і з разуменнем ставіцца да сітуацыі. Трэба жыць сваім розумам, аб'ектыўна ацэньваць рэчаіснасць і не ісці ні ў кога на повадзе".
Санкцыянаваў ператрусы ў журналіста
У лютым 2021 года Дзмітрый Гара з боку Генпракуратуры санкцыянаваў ператрусы ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца, у той жа дзень ператрусы прайшлі ў БАЖ, у праваабаронцаў і журналістаў па ўсёй краіне. Таксама Гатоўчыц праходзіць сведкам па крымінальнай справе былога прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Уладзіміра Няпомняшчых.
Дзякаваў магілёўскім сілавікам за "падтрыманне правапарадку"
У лістападзе 2020 года дзякаваў кіраўнікам і супрацоўнікам праваахоўных органаў рэгіёна, прадстаўнікам пракуратуры і Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС за адказнае стаўленне да працы, узаемадзеянне і зладжанасць пры падтрыманні правапарадку ў рэгіёне.
Вы можаце дапамагчы незалежнай журналістыцы і стаць нашым падпісчыкам на Patreon.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.