Настаўніца ў Полацку зняла відэа, як трэцякласнікі спяваюць песню "Алкагалічка"

Настаўніца ў Полацку зняла відэа, як трэцякласнікі спяваюць песню "Алкагалічка"

У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім малодшыя школьнікі спяваюць песню "Алкагалічка". Паведамляецца, што ўсё адбываецца ў адной з полацкіх школаў. Дзеці на відэа — трэцякласнікі.

Паведамляецца, што відэа зняла і выклала ў інтэрнэт 18-гадовая настаўніца-практыкантка Яна Насатовіч. Дзяўчына вучыцца ў Полацкім каледжы Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава. У школу яна прыйшла на практыку, піша "Наша Ніва" са словаў загадчыцы аддзялення пачатковай адукацыі Вольгі Рыбаковай.

"Яна патлумачыла, што хацела зняць сацыяльны ролік. А дзеці самі падказалі ёй тэму, калі падчас перапынку сталі спяваць гэту песню", — тлумачыць сітуацыю Рыбакова. 

Пасля таго як відэа з’явілася ў інтэрнэце, Яну Насатовіч выклікалі ў каледж і правялі з ёй размову. Кіраўніцтва каледжа папрасіла прабачэння ў кіраўніцтва школы, дзе дзяўчына праходзіць практыку. "Практыка яшчэ толькі пачалася, будзем бачыць, як будзе далей. Сёння ў каледжы адбудзецца агульны сход, на якім мы яшчэ раз правядзем з навучэнцамі прафілактычныя размовы наконт паводзінаў у інтэрнэце", — распавядае Рыбакова.

У школе, дзе Насатовіч праходзіць практыку, у яе адбылася размова з бацькамі. Дзяўчына расказала ім, што дзеці даволі часта спяваюць такія песні. "Усе бацькі сталі на яе бок", — дадае выкладчыца.

Паведамляецца, што Яна Насатовіч вучыцца добра, у яе высокі бал. Па словах Вольгі Рыбаковай, дзяўчына напісала заяву ў міліцыю на блогера, які распаўсюдзіў кампраметуючае відэа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі