Naviband: у школах забараняюць спяваць нашыя песні
У навучальных установах Беларусі забараняюць спяваць на святах і конкурсах песні гурта Naviband. Пра гэта музыкі самі паведамілі ў сваім акаўнце ў Instagram
"У адказ на нашу сторыс нам прыйшло шмат паведамленняў з розных гарадоў і навучальных устаноў РБ аб тым, што дзяўчатам і хлопцам забараняюць спяваць нашыя песні на розных святах і конкурсах. Фармулёўка ў асноўным — "не такі / няправільны тэкст". Сур'ёзна? У НАС?!?!?
Зразумела, што здзіўляцца асабліва няма чаму, але такіх пачуццяў мы яшчэ не адчувалі. Гэта нешта новае", — пішуць музыкі Naviband.
Ксюша і Арцём лічаць, што гэта паказчык таго, што яны ўсё робяць правільна. "І дзякуй кожнаму, хто спяваў і спявае разам з намі. І ведаем, што працягнеце. Гэта важней. Забароны ў культуры толькі мацуюць культуру", — упэўненыя яны.
Гурт Naviband прадстаўляў Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне 2017" з песняй "Гісторыя майго жыцця". Гэта быў першы беларускамоўны выступ на гэтым конкурсе.
У чэрвені 2020-га музыкі запісалі песню "Іншымі", у якой выказалі пратэст супраць беспадстаўнага гвалту з боку ўлады. Песня з'явілася пасля таго, як міліцыя разагнала і затрымала чаргу ў краму symbal.by. Перад Новым годам Арцём Лук'яненка пастрыгся налыса на знак падтрымкі палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.