Навіны пра сабак: палякі ім далі дом, а карэйцы не будуць есці — #ІхНоравы

Пра што гавораць у свеце

Пра што гавораць у свеце / @rubanau_collage

Францыя дае дарогу маладым палітыкам, і гэта было б крута, калі б скептыкі не падазравалі ў ратацыі кадраў хітрую стратэгію цяперашняй улады. Затое ёсць добрыя навіны з Польшчы, дзе сабак выратавалі ад маразоў, і — нечакана — з Паўднёвай Карэі, якая збіраецца выкараніць ганебную традыцыю спажывання гэтых партнёрскіх жывёл у ежу. Пра гэта — у нашым аглядзе міжнародных навін.

У Кракаве ў маразы забралі з прытулку ўсіх сабак

Нечакана вялікі водгук выклікала прапанова прытулку для бяздомных жывёл KTOZ забраць сабак на часовую ператрымку падчас моцных маразоў.

Справа ў тым, што некаторым з іх няма месца ў невялікім будынку, і яны жывуць у вальерах на вуліцы. Тэрміновы заклік перад пахаладаннем аж да -20 прытулак апублікаваў 7 студзеня.

І ў той жа дзень перад дзвярыма сабралася чарга з ахвотных забраць сабачку. Супрацоўнікі былі ў шоку!

Людзі чакалі літаральна па некалькі гадзін, пакуль валанцёры вызваляцца і перададуць жывёлу часовым гаспадарам.

Кракавяне за дзень забралі ў свае цёплыя дамы 120 сабак — усіх з тых, каму небяспечна было заставацца на вуліцы.

Цяпер цікава, колькі з гэтых жывёл вернецца ў прытулак — магчыма, хтосьці за пару дзён так пасябруе з сабакам, што захоча даць яму дом?

Навіны пра сабак: палякі ім далі дом, а карэйцы не будуць есці — #ІхНоравы
Жыхары Кракава за дзень разабралі сабак па дамах / Facebook.com/KTOZ

Кракаў апякуецца жывёламі не толькі па спецыяльным закліку. Некаторыя арганізацыі або нават бары пастаянна дапамагаюць прытулкам.

Напрыклад, пералічваюць ім сабраныя чаявымі грошы або прапануюць наведвальнікам прынесці корм, напаўняльнік для кашачага туалету або іншыя тавары для жывёл і абмяняць іх на сувеніры сваёй установы.

У Францыі прызначаны самы малады за ўсю гісторыю краіны прем’ер

Прэзідэнт Эмануэль Макрон, як лічаць некаторыя эксперты, пачаў ператасоўваць урад. На наступны дзень пасля адстаўкі прэм'ер-міністра 63-гадовай Элізабэт Борн ён прызначыў на гэты пост Габрыэля Аталя.

І гэтае рашэнне зрабіла фурор. Аталю 34 гады, і гэта самы малады ў гісторыі Францыі прэм’ер-міністр, датаго ж першы за ўвесь час адкрыты гей на пасадзе кіраўніка ўрада.

Французы прадчуваюць змены ў камандзе прэзідэнта, бо ў траўні мусяць адбыцца выбары ў Еўрапарламент, на якіх могуць перамагчы ўльтраправыя — нацыяналістычная партыя Марын Ле Пэн.

Навіны пра сабак: палякі ім далі дом, а карэйцы не будуць есці — #ІхНоравы
Габрыэль Аталь / Tom Nicholson/Shutterstock

Што вядома пра маладога палітыка? Габрыэль Аталь нарадзіўся ў прыгарадзе Парыжа, але яго мама паходзіць з Адэсы. Ён мае дыпломы магістра дзяржаўнага кіравання і юрыста.

З 2023 года быў міністрам нацыянальнай асветы і па справах моладзі. Гэта ён абвясціў пра забарону ў школах абаі — традыцыйнага мусульманскага жаночага адзення ў выглядзе сукенкі або накідкі ў падлогу.

У Паўднёвай Карэі забаранілі продаж сабак на мяса

Для нашых шырот гэта навіна можа падавацца дзіўнай, але ў Паўднёвай Карэі гэта сапраўды традыцыйная практыка — ужываць сабак у ежу.

Цяпер дзяржава прыняла закон, які забараняе разводзіць, забіваць і прадаваць сабак для выкарыстання іх мяса. Сабачыя фермы і прадпрыемствы па пераапрацоўцы такой сыравіны адгэтуль павінны спыніць існаванне.

Парушэнне забароны пагражае турэмным зняволеннем на тэрмін да трох гадоў або вялізным штрафам — да 23 тысяч долараў. Што закон пакуль ніяк не рэгулюе — гэта ўласна ўжыванне сабак у ежу.

Прэзідэнт Юн Сок Ёль, які падтрымаў забарону і сам любіць жывёл і прытуліў шэсць сабак і восем катоў, і разам з жонкай Кім Кеон Хі ўжо даўно крытыкаваў гэтую практыку, асцярожна прапанаваў яшчэ раз абмеркаваць рашэнне.

Але пакуль мэта ў паўднёвакарэйскай дзяржавы такая: цягам бліжэйшых трох гадоў выкараніць традыцыю спажывання сабак. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі