Навучэнцаў каледжа запрасілі на канцэрт з дапамогаю расійскага сцяга і герба
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны навучэнцаў Вілейскага дзяржаўнага каледжа праз групу ў вайберы запрасілі на святочна канцэрт. Зварот быў аздоблены карцінкай з танкам і вайсковым верталётам на фоне расійскага сцяга і герба.
Адзін з навучэнцаў, які атрымаў запрашэнне, выклаў яго ў сацыяльныя сеткі, паведамляе "Белсат".
Дырэктар прафесійна-тэхнічнага каледжа Ігар Кіцікаў асабіста ўмяшаўся ў сітуацыю.
У каментары журналістам ён распавёў, што з 20 снежня 2018 года знаходзіцца на бальнічным, бо атрымаў пералом. Аднак пасля негатыўных каментароў у інтэрнэце мужчына 22 лютага на мыліцах прайшоў на працу. "Чалавек, адказны за размяшчэнне аб’явы, проста ўзяў першы фотаздымак, які трапіўся яму ў інтэрнэце, нанёс на яго тэкст і размясціў. Сёння ўсё выдалілі. Не шукайце тут злога намеру, прапаганды тут не было", — запэўнівае дырэктар.
Кіцікаў кажа, быццам супрацоўніку патлумачылі, што так рабіць нельга.
У каледжы рыхтуюць электраманцёраў, электрамантажнікаў, электрамеханікаў, слесараў па рамонце аўтамабіляў.