Назвалі лаўрэатаў “Нацыянальнай літаратурнай прэміі”
Названыя лаўрэаты “Нацыянальнай літаратурнай прэміі”. Уручэнне ўзнагародаў адбылося ў Слоніме ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства, перадае БЕЛТА.
Сёлета на прэмію намінаваліся болей за 70 аўтараў. У намінацыі “драма” ўзнагароду не прысуджалі.
У паэтычнай намінацыі перамог Мікола Маляўка са зборнікам вершаў “Сланечнік”, узнагарода за найлепшую кнігу прозы дасталася Алегу Ждану з кнігай “Геній”. Найлепшым публіцыстычным творам назвалі кнігу “VALE!” Віктара Хурсіка, а Святлана Калядка перамагла сярод літаратурных крытыкаў з кнігай “Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі”.
Сярод дэбютантаў прэмія дасталася Станіславе Умец з кнігай “Сэрца Сакры”, а Уладзімір Ягоўдзік перамог сярод дзіцячых аўтараў (“Крылатыя суседзі”, “Зачараваная Свіслач”, “Квіткі дзівасілу”).
Нацыянальная літаратурная прэмія заснаваная ў 2015 годзе. Арганізатарамі выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.