Названыя пераможцы конкурсу гарадскіх праектаў #РазамМінск
Завяршыўся першы летні рэаліці-конкурс гарадскіх праектаў #РазамМінск. Усяго арганізатары атрымалі больш за 300 ідэй, якія прэтэндавалі на ўдзел у конкурсе. Пасля афармлення іх у выглядзе праектаў на платформе Talaka.by і адбору журы ў асноўны этап конкурсу трапілі 23 каманды. Прыкладна палова з іх (11 каманд) завяршылі свае пачынанні ва ўстаноўлены тэрмін і атрымалі магчымасць пазмагацца за прызавы фонд памерам 2000$.
Лёс паловы прыза павінна было вызначыць кампетэнтнае журы. Меркаванні яго сяброў падзяліліся, таму было вырашана ў намінацыі "Лепшы гарадскі праект" абраць адразу двух пераможцаў: "Добраўпарадкаванне вадаёма па вуліцы Купрэвіча" і "Музей рэтракамп'ютараў". Абодва праекта атрымалі ў якасці ўзнагароды па 500$.
"І чыстая сажалка з качачкамі, і рэтракамп'ютары – гэта важна. У першым выпадку размова ідзе пра мясцовую супольнасць, якая пераўтварае наш горад, робіць яго лепш; у другім – пра ўнікальную для Мінска з'яву. Таму журы вырашыла, што прыз трэба падзяліць", – патлумачыў крэатыўны дырэктар платформы для рэалізацыі сацыяльна значных праектаў Talaka.by Іван Вядзенін.
У другой пераможнай намінацыі – "Выбар мінчукоў" – перавага апынулася на баку аднаго праекта. Чэк на суму 1000$ атрымала каманда праекта "Чыстая справа", якая перамагла ў галасаванні гледачоў. Чацвёра студэнтаў арганізавалі ў мінскіх школах экалагічныя заняткі і ўсталявалі 60 скрыняў для паасобнага збору смецця. Праект атрымаў шырокую падтрымку і ў будучыні будзе пашыраны.
Яшчэ адна інтрыга вырашылася прама на цырымоніі: спецыяльныя прызы ўручылі арганізатары конкурсу.
Пераможцам у спецыяльнай намінацыі "Дзіцячы горад" ад кампаніі velcom стаў праект "Гарадскія квэсты для дзяцей і іх бацькоў". Аўтарам праекту былі ўручаны падарункі ад velcom – шматфункцыянальны планшэт і наборы для сямейных пікнікоў.
Платформа Talaka.by таксама заснавала ўласную спецнамінацыю – "Сацыяльны прадпрымальнік". Перамогу ў ёй прысудзілі праекту "Чыстая справа". Удзельнікі каманды атрымалі магчымасць карыстацца офісам і ўсімі рэсурсамі платформы Talaka.by. Акрамя таго, адзін член каманды будзе рэкамендаваны да ўдзелу ў трэнінгу па прадпрымальніцтву ў Германіі.