Не смяшыце нашы крамы. Як абыходзяць санкцыі ў Крыме
Гіпермаркет Auchan у Крыме. Фота: Еўрарадыё
У сярэдзіне студзеня расійскія і ўкраінскія СМІ растыражавалі навіну: на суднабудаўнічы завод "Заліў" у Керчы пастаўленыя дызельныя генератары нямецкага канцэрна MAN. Заходняе абсталяванне зноў апынулася ў санкцыйным Крыме. Прэса абедзвюх краін дала інфармацыю суха, хоць яшчэ зусім нядаўна Кіеў на такія парушэнні рэагаваў хваравіта, а Масква — з дрэнна прыхаваным трыумфам. Дзівіцца ўжо сапраўды няма чаму. Siemens, Adidas, Metro Cash & Carry, Auchan, Volkswagen, DHL, Valve, Visa, Mastercard, літоўская Novus — вось далёка не поўны спіс заходніх кампаній, якія паспяхова працуюць на Крымскім паўвостраве. Многія з іх робяць гэта легальна. Публікуем метады абыходу санкцый.
Метад першы:
ахвяры падману
У спісе абмежавальных мер, ухваленых Еўрасаюзам 30 ліпеня 2014 года, асобна прапісаная забарона еўрапейскім прадпрыемствам на працу ў Крыме ў энергетычнай, турыстычнай і фінансавай сферах. Гэта значыць, на паўвостраў не павіннае пастаўляцца еўрапейскае энергаабсталяванне, грамадзяне краін ЕС не павінныя валодаць крымскімі гатэлямі, а еўрапейскія банкі і плацежныя сістэмы не павінныя працаваць у Крыме. Тыя ж абмежаванні дзейнічаюць і для амерыканскіх грамадзян і карпарацый.
Аднак з усяго пералічанага на паўвостраве няма хіба што замежных гатэльераў.
Нядаўні прыклад. У ліпені мінулага года ў Еўропе выбухнуў скандал праз пастаўленыя ў Крым газавыя турбіны нямецкай кампаніі Siemens для электрастанцый Сімферопаля і Севастопаля, якія будуюцца. Пытанне аб парушэнні санкцыйнага рэжыму перад Siemens паставілі ва Усходнім камітэце германскай эканомікі — калектыўным органе нямецкіх прадпрымальніцкіх саюзаў. "Ні адна нямецкая кампанія не можа дазволіць сабе быць западозранай ва ўхіленні ад санкцый", — заявіў генеральны дырэктар камітэта Міхаэль Хармс. Гэтай заявай усё і абмежавалася.
Асноўны ўдар прыняла на сябе Расія. Вось, напрыклад, словы міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна: "Урок для ўсяго адказнага бізнесу: любое супрацоўніцтва з Расіяй — гэта ўзаемадзеянне з ашуканцамі <...> Мая парада Siemens і ўсім тым, хто ўдзельнічае ў здзелках з расійскімі дзяржаўнымі кампаніямі: калі яны паціскаюць вам руку, пасля гэтага палічыце свае пальцы".
Siemens сёння беспаспяхова судзіцца ў расійскім судзе, патрабуючы вярнуць турбіны з Крыма ў Тамань. У першай інстанцыі нямецкая кампанія чакана прайграла, а ў Савеце Федэрацыі ўжо заявілі, што турбіны не вернуцца з Крыма ні ў якім разе. Адным словам, яны застаюцца ў Крыме, а Siemens робіцца ахвярай. Па яго шляху адмаўляецца ісці фінская Wartsila — вытворца дызель-генератараў: кампанія адхіляе прапанову расійскага боку паставіць генератары на керчанскі суднабудаўнічы завод "Заліў". Спасылаецца на санкцыі. Але ў хуткім часе ў Керчы ў неабходнай колькасці знаходзяцца генератары нямецкай MAN. У самой кампаніі кажуць, што пра пастаўкі нічога не ведаюць, і тут жа прапануюць гіпотэзу: на крымскі завод магло паступіць абсталяванне, якое прызначалася для іншых прадпрыемстваў.
Цяжка сказаць, ведалі нямецкія кампаніі, што іх абсталяванне апынецца ў Крыме, або іх сапраўды падманулі. Аднак перад намі адназначна дзейная схема па абыходзе санкцый.
Метад другі:
прымус
Visa і Mastercard пасля далучэння Крыма да Расіі заявілі, што сыходзяць з паўвострава. І сышлі. Каля года ў Крыме нельга было расплачвацца банкаўскімі карткамі гэтых плацежных сістэм. Аднак у 2015 годзе карткі запрацавалі. Больш за тое, іх пачалі эмітаваць крымскія банкі.
"Наша карпарацыя ў поўным аб'ёме выконвае амерыканскія санкцыі", — адказвалі на запыты СМІ прадстаўнікі MasterСard. "Visa няўхільна выконвае заканадаўства, датычнае яе дзейнасці. У адпаведнасці з санкцыямі, уведзенымі ў снежні 2014 года Упраўленнем Казначэйства ЗША па кантролі за замежнымі актывамі, Visa не можа аказваць паслугі і прапаноўваць свае прадукты на тэрыторыі Крыма", — адзначалі ў Visa. І не падманвалі. Высветлілася, што Цэнтрабанк Расіі перайграў прадстаўнікоў плацежных сістэм, абавязаўшы іх перанесці працэсінгавыя цэнтры для абслугоўвання ўнутрырасійскіх транзакцый на тэрыторыю РФ. Пасля гэтага супрацоўнікі Visa і Mastercard вымушаныя былі канстатаваць, што проста не могуць адсачыць транзакцыі з Крыма.
— Па сутнасці, з намі працуюць без нашага ведама, — сказала "Новай" крыніца, знаёмая з сітуацыяй. — Калі ў ліпені 2014 года была створаная НСПК, нас проста вымусілі перавесці ўнутрырасійскія аперацыі, у тым ліку крымскія, на апрацоўку туды. Такіме было патрабаванне закона, у адваротным выпадку можна было страціць увесь расійскі рынак. Цяпер сітуацыя такая: крымскія транзакцыі апрацоўваюцца не ў ЗША, як гэта было раней, а ў Маскве. Мы працягваем выконваць санкцыі фармальна, але на справе нас проста адсунулі.
Тым не менш карткі плацежных сістэм Visa і Mastercard, эмітаваныя крымскімі банкамі, непрыдатныя для выкарыстання за мяжой.
Метад трэці:
перарэгістрацыя актываў
У красавіку 2017 года пракуратура Аўтаномнай Рэспублікі Крым (структура пракуратуры Украіны) пачала крымінальную вытворчасць па факце працы на паўвостраве крам французскай гандлёвай сеткі "Ашан". Французы не толькі працягнулі працаваць у Крыме, але і завозяць прадукцыю для сваіх крамаў праз Керчанскую паромную пераправу, што з'яўляецца наўпростым парушэннем сектаральнай санкцый ЕС.
Вынікі пракурорскага расследавання былі перададзеныя ў Еўракамісію. Затым была рэакцыя самой гандлёвай сеткі. Старшы віцэ-прэзідэнт Auchan Holding па камунікацыях Антуан Перно ў інтэрв'ю RNS заявіў: "Мы прынялі рашэнне, што працягнем прапаноўваць некаторыя жыццёва важныя прадукты насельніцтву Крыма, у прыватнасці прадукты харчавання, таксама мы не будзем скарачаць колькасць працоўных месцаў". Перно адзначыў, што праца "Ашана" ў Крыме не парушае санкцый. І гэта праўда: крымскія актывы кампаніі пасля "рускай вясны" былі перарэгістраваныя на расійскую юрыдычную асобу — ТАА "Ашан". "Расійскія рытэйлеры, якія дзейнічаюць па франшызе, падпарадкоўваюцца заканадаўству Расійскай Федэрацыі, а не заканадаўству Еўрапейскага саюза", — тлумачаць у прэс-службе Auchan Holding.
Ніякіх наступстваў для французскай кампаніі крымінальная справа, распачатая пракуратурай АРК, не мела.
Прыклад "Ашана" пераняла і іншая сетка гіпермаркетаў — нямецкая Metro Cash & Carry. У Metro ў Крыме дзве крамы: у Сімферопалі і Севастопалі. Пасля "рускай вясны" іх перапісалі на створанае 20 лістапада 2014 года ТАА "Рытэйл Проперці 6", зарэгістраванае ў Маскве. Гэта значыць з-пад пагрозы санкцый выведзеныя ўсе структуры Metro.
Аб эфектыўнасці перарэгістрацыі кампаній для абыходу санкцый у красавіку 2016 года на Ялцінскім міжнародным эканамічным форуме казаў кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў. "Інструментаў для пераадолення санкцыйнага рэжыму маса, але, на маю думку, абмяркоўваць іх у публічным полі не варта. Скажу толькі, што сёння большасць замежных прадпрымальнікаў рэгіструе свае прадпрыемствы на мацерыковай частцы РФ і пасля гэтага заходзяць у Крым".
Метад чацвёрты:
ананімайзеры
Пасля ўвядзення санкцый працу ў Крыме спыніў цэлы шэраг папулярных электронных сэрвісаў: AppStore, Google Play, гульнявыя крамы Origin і Steam, адукацыйны сэрвіс Coursera.
Рашэнне праблемы ў гэтым выпадку нарадзілася раней, чым з'явілася: ананімнасць у інтэрнэце існавала задоўга да "крымскай вясны". Сёння амаль у кожнага крымчаніна на планшэце, тэлефоне або камп'ютары ўсталяваныя ананімайзеры або VPN-сэрвіс, дзякуючы якому яго IP-адрас ідэнтыфікуецца не як крымскі, а як маскоўскі, ніжагародскі або і лонданскі. Такім чынам, хоць Google і Apple сапраўды выконваюць санкцыі супраць Крыма, фактычна на паўвостраве іх забароны не працуюць.
Санкцыі дазваляюць
3 студзеня 2018 года міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін агучыў гнеўную тыраду ў адрас некаторых заходніх кампаній, якія працуюць у Крыме.
"Ёсць кампаніі, якія дазваляюць сваім рытэйлерам — такім як Volkswagen або Adidas-Крым — прылічаць (сябе) да тэрыторыі Расіі. Мы іх дастанем не толькі палітычнымі, але і юрыдычнымі метадамі", — заявіў Клімкін.
Рэакцыя Volkswagen была агучаная на наступны дзень. "Брэнды канцэрна прытрымліваюцца санкцый і выконваюць прынятыя рашэнні. Адваротныя ацэнкі выклікаюць у нас здзіўленне", — заявілі ў прэс-службе нямецкага аўтагіганта. У кампаніі Adidas журналістам Deutsche Welle таксама заявілі аб захаванні санкцыйнага рэжыму.
І, падобна, не зманілі. Я вывучыў спіс санкцый ЗША і ЕС супраць Крыма. Злучаныя Штаты сапраўды наклалі для сваіх прадпрыемстваў строгі мараторый на вядзенне бізнесу. Амерыканцы не маюць права пастаўляць на паўвостраў ніякія тавары нават праз пасярэднікаў. Забароны ЕС — нашмат ліберальнейшыя. Абмежаванні носяць менавіта сектаральны характар: еўрапейскім кампаніям нельга працаваць у крымскай нафтаздабычы, крымскім турызме, крымскай банкаўскай сферы, энергетыцы, тэлекамунікацыях. Але забароны на гандаль аўтамабілямі, адзеннем і прадуктамі харчавання няма. Больш за тое, у шэрагу краін ЕС за дзяржаўнымі органамі заканадаўча замацаваныя паўнамоцтвы па выдачы дазволаў на збыт тавараў і паслуг у Крыме.