Ніякіх былых вучняў і выбарачныя дагляды — улады аб новым рэжыме ў школах
З 1 верасня ва ўсіх школах Мінска з'явіліся турнікеты і супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС / БелТА
На ўваходзе ў кожную школу павінен стаяць супрацоўнік пазаведамаснай аховы і супрацоўнік міліцыі ў форме, які мае права праводзіць выбарачны дагляд, заявіў у эфіры СТВ памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Мінску Аляксандр Барсукоў.
"Выбарачныя надглядныя мерапрыемствы — таксама будзем праводзіць. Выключыць, каб у школу праходзілі нейкія былыя вучні, нехта яшчэ, там няма чаго рабіць. У школе павінен быць навучальны працэс. Усе. І на гэтым кропка", — сказаў Барсукоў.
Акрамя таго, па яго словах, усе школы павінны быць абгароджаныя жалезным плотам, абсталяваныя сістэмай відэаназірання.
Напярэдадні ў Мінгарвыканкаме абмяркоўвалі пытанні бяспекі ў навучальных установах Мінска, а таксама гаварылі аб тым, як працуе новы прапускны рэжым. Падчас абмеркавання высветлілася, што працуе не вельмі эфектыўна: у большасць вышэйшых навучальных устаноў Мінска, нягледзячы на сістэму кантролю, можна нават бесперашкодна пранесці зброю. З 1 верасня турнікеты і супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС з'явіліся і ва ўсіх школах Мінска. Наведвальнікі, у тым ліку бацькі, зараз могуць патрапіць унутр будынка толькі з дазволу адміністрацыі навучальнай установы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.