Noize MC: “Чаму ад мяне шалеюць шалёныя даўба*бы? Каб усё было ў парадку!”

"Всё, что придумано, сделано и сказано мной

В масштабах этого мира плюс-минус ноль"

Noize MC. “+-0”/“Неразбериха”, 2013


У цеснай грымёрцы мінскага клуба "Цэнтр" нас шасцёра. Музыкі, аб'яднаныя пад брэндам Noize MC: Іван Аляксееў , Павел Цяцерын , Максім Крамар і Аляксандр Кіслінскі — сядзяць у шэраг на канапе і ніяк не хочуць змяшчацца ў аб'ектыў камеры. Пакуль мы з аператарам вядзьмачым над няхітрай апаратурай, у пакойчыку павісае няёмкая цішыня.

Я нервуюся і адчуваю сябе шараговым прадстаўніком "назойлівай і разнамаснай прэсы", якой ужо даў "сто тысяч інтэрв'ю" герой песні "Бассейн" з "Нового альбома". Дзве старонкі раздрукаваных пытанняў чамусьці зусім не дадаюць упэўненасці. Я ведаю, што Іван будзе адказваць хутка, кароткімі з'едлівымі фразамі, пасля якіх будзе складана нешта дадаць. Хіба што — засмяяцца. І мы ўсе разам смяемся амаль пасля кожнай рэплікі музыкаў.

За дыялогам з цікавасцю назірае надзіманая жанчына, забытая тут, найверагодней, гуртом "Разбітае сэрца пацана". Яна яшчэ пакажа сябе.

Пра цягнікі, сем'і і шчыльны канцэртны графік

Еўрарадыё: Раней вы ў Мінск цягнікамі прыязджалі, а ў гэты раз прыляцелі самалётам. Расцяце!

Іван Аляксееў: Цягнікі нам падабаюцца па-ранейшаму. І сёння, калі мы прыляцелі ў Мінск самалётам, цягнікі нам падабаюцца яшчэ больш. У Мінску немагчыма знайсці ў аэрапорце прыбіральню! Дакладней, яе можна знайсці, але даводзіцца ісці за трыдзевяць зямель. І ў клубе такая ж сітуацыя.

Еўрарадыё: Назад паедзеце цягніком?

Іван Аляксееў: Назад мы паедзем у Гомель. Назад мы паедзем наперад!

Еўрарадыё: Самалёт задуманы, каб больш часу правесці з сем'ямі? Паспелі пагутарыць з дзецьмі да адлёту?

Іван Аляксееў: Самалёт задуманы ў сувязі з канцэртам у Краснадары. У чатыры гадзіны раніцы мы выехалі з краснадарскай гасцініцы. Спачатку ляцелі ў Маскву, а потым з Масквы — да вас.

Максім у гэты час даволі адкрыта змагаецца са сном па правую руку ад Івана.

Еўрарадыё: То бок, заехаць дадому не атрымалася?

Аляксандр Кіслінскі: Я хачу дадому!

Аляксандр Кіслінскі

Еўрарадыё: Альбом пачынаецца з песні пра сям'ю, якая вельмі натхняе. Але ж сем'і адцягваюць ад творчасці...

Іван Аляксееў: Сем'і па азначэнні не могуць адцягваць. Нешта можа адцягваць ад сям'і, але не наадварот.

 

Гурт з "чорнага спісу " адразу атрымае мільён праглядаў

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас адчуванне, што вы з Расіі прыехалі ў нейкую іншую краіну?

Іван Аляксееў: Ну што, хлопцы? Не ведаю. У мяне неяк не асабліва.

Павел Цяцерын: Натуральна, гэта ж Беларусія.

Максім Крамар: У мяне таксама ёсць адчуванне іншага каларыту нейкага.

Іван Аляксееў: Адчуванне іншага каларыту ёсць, і калі ты прылятаеш у Якуцк. І зусім не дапамагае, што гэта частка Расійскай Федэрацыі. Там ты іншы стайл абсалютна. Мінск значна бліжэйшы.

У гэты момант у дзверы грукаецца адзін з ахоўнікаў клуба "Цэнтр". Ён пытаецца ў Максіма Крамара, ці можна крыху пасунуць яго клавішы, каб на сцэне змаглі змясціцца сек'юрыці. Музыкі кажуць, што ў іх ёсць свае людзі, якія будуць сачыць за бяспекай на сцэне, але ахоўнік ўсё ж пераконвае іх пасунуцца.

Іван Аляксееў: Калі б ўсюды так размаўлялі!

Павел Цяцерын: Проста космас нейкі!

Іван Аляксееў: Прыходзяць людзі з чалавечымі тварамі і кажуць чалавечыя рэчы.

Максім Крамар (прыгадваючы дыялог з нейкім ахоўнікам з іншага клуба): Я не чую выразнага адказу!

Іван Аляксееў: Так, звычайна інакш гэта выглядае.

Павел Цяцерын

Еўрарадыё: Дзе больш свабоды: у Расіі ці ў нас?

Іван Аляксееў: У Расіі, напэўна, больш. Проста, разумееш... Несвабода пачынаецца на ўзроўні публічных выказванняў.

Павел Цяцерын: Але ў нас хаця б гурты не забараняюць. Мне здаецца, што ўжо немагчыма, каб нейкі гурт быў у Расіі ў "чорных спісах".

Еўрарадыё: А ў чым прынцыповая розніца? Расійскіх музыкаў абароніць хтосьці?

Павел Цяцерын: У сучасных расійскіх рэаліях гэта будзе выглядаць так недарэчна і абсурдна…

Іван Аляксееў: ...што гэты гурт адразу ж атрымае мільён праглядаў, каментарыяў, іх музыка будзе распаўсюджвацца яшчэ хутчэй. Цалкам блакаваць інфармацыю проста немагчыма.

Максім Крамар: У нас толькі вось Элтану Джону не даюць выступаць.

Павел Цяцерын: Таму што ён гей. Ну, гэта ў адмысловым рэгіёне. Казачы край такі, Кубань.

Максім Крамар: Акурат там, дзе мы ўчора выступалі. Таму нам давялося максімальна не па-гейску паводзіць сябе.

Павел Цяцерын: Звычайна мы цалуемся ўзасос на сцэне. Але ў Краснадары давялося ад гэтага адмовіцца.

Еўрарадыё: Так, у вас ёсць пэўныя групоўкі, якія выступаюць супраць канкрэтных музыкаў. Супраць Мадонны, напрыклад.

Аляксандр Кіслінскі: Такія персанажы ўсюды ёсць.

 

Гітарысты не супраціўляюцца

 

Еўрарадыё: Трэба трохі пагаварыць пра новы альбом.

Іван Аляксееў: Гэта жудасная неабходнасць. Але, я думаю, мы справімся.

Еўрарадыё: Вы ўжо і самі казалі, што альбом "Неразбериха" атрымаўся больш хіп-хопавым. Ды гэта і так чуваць. На якім этапе гурт вырашыў сысці ад гітарнага гуку?

Іван Аляксееў: Пачалі пісацца рэпакі ў велізарнай колькасці, пачала збірацца канцэпцыя пласцінкі, і стала зразумела, што яна будзе больш рэпавай, чым звычайна.

Еўрарадыё: То бок, усё адбываецца само сабой?

Іван Аляксееў: Ну, так, як жа інакш. Няма ніякай ўстаноўкі.

Еўрарадыё: А гітарысты не супраціўляліся таму, што гітар становіцца менш?

Іван Аляксееў: Гітарысты, вы супраціўляліся?

Максім Крамар: Ну...

Іван Аляксееў: Што?

Максім Крамар: Не!

Іван Аляксееў: Гітарысты не супраціўляліся.

Максім Крамар

Еўрарадыё: На "Неразберихе" шмат дуэтаў...

Іван Аляксееў: Спрэчна. Але яны ёсць, так. 7000 $, Стэйша, Елка.

Еўрарадыё: Яшчэ Уладзі і Вахтанг. Усяго пяць.

Іван Аляксееў: І праўда, сапраўды шмат. Я не чакаў.

Еўрарадыё: Самы дзiўны дуэт з Ёлкай. Як гэта атрымалася?

Іван Аляксееў: З Ёлкай мы знаёмыя даўно, з 2008 года. Яна прыйшла на наш канцэрт у Сергіевым Пасадзе, дзе яна тады жыла. Спрабавала набыць квіток, але тут яе спыніў Паша, які выйшаў на вуліцу і выпадкова яе заўважыў. І “ўпісаў” на канцэрт! З тых часоў мы кантактуем. У нейкі момант я зразумеў, што ў гэтай песні вельмі добра прагучыць яе вакальная манера, і запрасіў яе.

Еўрарадыё: А новага дуэта з "Ляпісам " не прадбачыцца?

Іван Аляксееў: Не, пакуль не.

У грымёрку ўваходзіць тур-мэнэджар Noize MC Валерый. Ён пытаецца ў Івана, ці засталіся ў гурта незадзейнічаныя праходкі. Праходкі ёсць, і Іван адразу ж некаму тэлефануе, тлумачачы, што трэба сказаць на ўваходзе, каб прайсці ў клуб.

 

"Hard Reboot" — агратрылер, давайце называць гэта так

 

Еўрарадыё : Першы раз бачу, каб музыкі арганізоўвалі праходкі на канцэрт для фанатаў.

Іван Аляксееў: Чалавек, з якім я толькі што размаўляў, — не проста фанат. Ён не прапусціў ніводнага канцэрта Noize MC ў Мінску з нашага першага прыезду ў 2008 годзе. У маім тэлефоне ён запісаны як "Жэня Мінск Пурген". У Мінску ў нас вельмі, вельмі, вельмі прыемная аўдыторыя. Заўсёды прыемна да вас прыязджаць, і мы ўсім заўсёды кажам, што ў Мінску самыя крутыя канцэрты.

Еўрарадыё: Я чуў, вы яшчэ і летам умудрыліся шмат часу правесці ў Беларусі.

Іван Аляксееў: Так, гэта былі здымкі. Мы здымаемся ў фільме "Hard Reboot" беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі.

Павел Цяцерын: У Лынтупах мы базаваліся.

Іван Аляксееў: Выдатна правялі час. Здаецца, знялі добрае кіно. Цяпер ужо глядзім працоўны мантаж, працуем над саўнд-трэкам. Я думаю, што ў наступным годзе ўсе гэта ўбачаць.

Еўрарадыё : Інфармацыі пра фільм вельмі мала. Пра што там хоць?

Іван Аляксееў: Ці то наш, ці то не наш гурт, але вельмі падобны да нашага, страціў натхненне, яго раздзіраюць супярэчнасці, і ён едзе ў нейкі закінуты дом.

Павел Цяцерын: Не закінуты, а проста дом.

Іван Аляксееў: Але трапляе ў выніку ў закінуты дом. А больш спойлераў не будзе!

Еўрарадыё: Калі я даведаўся, што ў Беларусі нехта здымае трылер, а не чарговае кіно пра вайну, я быў бязмерна здзіўлены. І адразу неяк прыйшла думка, што гэта будзе агратрылер. А вы б якое слова падабралі?

Максім Крамар: Агратрылер — гэта, дарэчы, класна.

Іван Аляксееў: Агратрылер — добрая прыстаўка. Усё, "Hard Reboot" — агратрылер, давайце называць гэта так! Дзякуй, што дапамог вызначыцца, а то мы ўсё ніяк не маглі зразумець. Містычны ён... Ён і містычны, вядома. Але — агра, так.

Еўрарадыё: Фільм не атрымаў падтрымкі праз краўдсорсінг на Boomstarter. Прычым, там было шмат негатыўных водгукаў у каментарыях. Як вы думаеце, чаму?

Іван Аляксееў: Так, ніхто нам не даў нічога. Амаль. Але тыя, хто падзяліўся сваімі сродкамі, і дапамог нам — нікога не забудзем. А негатыву, і праўда, было вельмі шмат. Мы паелі лайна і, я табе прызнаюся, было вельмі непрыемна. Растлумачыць, адкуль гэта ўзялося, не магу.

Сярод вядомых музыкаў людзей з грамадзянскай пазіцыяй не шмат

Еўрарадыё: Што прымушае вас уздымаць сацыяльныя тэмы? Бо спяваеце ж у адной з новых песень: "Не беси бешеных долбо*бов!" А потым зноў гэта робіце.

Іван Аляксееў: Чаму ад мяне шалеюць шалёныя даўба*бы? Каб усё было ў парадку. На самай справе.

Еўрарадыё: А ці была калі-небудзь пазітыўная рэакцыя на вашы песні? Не вось так, каб на суткі пасля, а каб што-небудзь змянілася да лепшага?

Іван Аляксееў: Здаецца, мы разбурылі ідэю рабіць "JAGA fest" ва ўсіх гарадах і ператвараць яго ў нешта кшталту "Snickers URБАNиЯ". Там адбылося такое пекла ў выніку, што пра гэты фестываль давялося забыцца назаўсёды і ўсім. Такі вось пазітыў праз разбурэнне мы толькі можам.

Еўрарадыё: Зразумела, што справа музыкаў — музыка, а палітыка — справа палітыкаў. Але музыка, які мае грамадзянскую пазіцыю, можа нешта змяніць у краіне?

Іван Аляксееў: Можа, але не вельмі хутка. Калі ты транслюеш праз сваю творчасць нейкую сістэму каштоўнасцяў, вакол цябе ў выніку збіраюцца людзі, якія гэтыя погляды падзяляюць. Такім чынам, людзі, якія маюць падобныя каштоўнасці, атрымліваюць доступ да такой вось сацыяльнай сеткі, знаёмяцца адно з адным, і з гэтай нагоды іх паволі робіцца больш. Толькі так, калі казаць пра сапраўдныя змены, а не пра нейкія разавыя выпадкі.

Еўрарадыё: У Расіі шмат музыкаў з грамадзянскай пазіцыяй? Мне хацелася б верыць, што так, але яны яе на ўсялякі выпадак хаваюць, хаваюць, як страусы — галаву ў пясок.

Іван Аляксееў: А што гэта тады за грамадзянская пазіцыя такая? Я б не сказаў, што шмат. Яны ёсць, але сярод вядомых музыкаў іх не шмат, гэта дакладна. Панк, хардкор — чувакі, якія збіраюць па сто чалавек у маленькіх клубах, бываюць вельмі радыкальнымі і маюць пазіцыю па ўсіх адразу нагодах, але не маюць доступу да вялікай аўдыторыі. Іх проста не чуюць. Іх, напэўна, шмат. А тых, чый голас рэальна можа прагучаць, — іх не шмат.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што кожны музыка фармуе вакол сябе гета, але ідэі рэдка распаўсюджваюцца...

Іван Аляксееў: Не, чаму. Ідэі распаўсюджваюцца. Мне вядомыя прыклады, калі чалавек нешта паслухаў і змяніў сваё меркаванне.

 

"Другія дзесяць сутак я прасяджу больш спакойна"

Еўрарадыё: Астатнім музыкам не боязна падпісвацца пад грамадзянскай пазіцыяй Noize MC?

Павел Цяцерын: А чаго баяцца?

Еўрарадыё: Мэсадж трэкаў сыходзіць ад цэлай групы. А словы часта бываюць непрыемныя для каго-небудзь. Абсіраць Пуціна, да прыкладу...

Павел Цяцерын: Хто ўжо толькі ні абсіраў Пуціна... Нармальна, пацаны, так?

Максім Крамар: Еее !

Еўрарадыё: У Беларусі часам адбываюцца акцыі пратэсту, якія звычайна заканчваюцца масавымі затрыманнямі. Могуць дзвесце чалавек завінціць, могуць шэсцьсот. Затрыманыя, у асноўным, атрымліваюць па некалькі сутак арышту, і, калі выходзяць з ізалятара, апускаюць рукі — таму, што не хочуць гэтага зноў. Як вам удалося пасля "сутак" застацца сабой, не паламацца і захаваць жорсткасць? Бо добра зразумела, што ўсё можа паўтарыцца!

Іван Аляксееў: Другія дзесяць сутак я прасяджу больш спакойна. Буду ведаць, чаго там чакаць і чым займацца.

Еўрарадыё: То бок, хацелі напалохаць, але напалохаць не атрымалася?

Максім Крамар: Яны, хутчэй, хацелі ня напалохаць, а адпомсціць. За абразу. Гэта чыста пацанская тэма.

Аляксандр Кіслінскі: Местачковая тэма была. Не федэральны праект абсалютна.

Максім Крамар: Так, увогуле, ніякай палітыкі ў гэтым і не было. Гэта пацан пакрыўдзіўся, і адказаў так, як ён можа.

Павел Цяцерын: У нас у Расіі ўсё ж такі трэба моцна накасячыць, каб пасадзілі ў турму.

Іван Аляксееў: Ды не факт!

Я задаю яшчэ пытанне пра пакаленне "Вконтакте", прадстаўнікам якога бывае складана зразумець іронію і самаіронію, закладзеную ў трэках Noize MC. Але музыкі ўстаюць на абарону моладзі, сцвярджаючы, што "Вконтакте" ёсць шмат разумных людзей, якія могуць дакладна сфармуляваць сваю пазіцыю. У гэты час арт-дырэктар клуба "Цэнтр" прыадчыняе дзверы грымёркі, празрыста намякаючы, што адведзеныя мне дзесяць хвілін скончыліся дзесяць хвілін таму.

З рукава з'яўляюцца два апошнія пытанні, па матывах свежага альбома Noize MC "Неразбериха". Па-першае, чым адрозніваецца беларускі трыкатаж? Гэта з песні "Нероссия". Іван прапануе пацікавіцца адказам у Уладзі, а музыкі тым часам пералічваюць вядомыя ім беларускія брэнды. Заканчваецца гэта ўсё, натуральна, экспромтам: “Монахиня или дьяволица, покупай и носи “Мілавіцу”. У ролі “дьяволицы”, вядома ж, надзіманая жанчына!

А вось на пытанне пра адлегласць паміж бакавымі люстэркамі БелАЗа (гэта з песні "Чёрный жирный пробел") выразнага адказу не паступае. Відаць, і праўда, гэтая адлегласць такая вялікая, што так проста не ўявіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі