Новы каранавірус: што мы пра яго ведаем і ці варта панікаваць

Цеплавізары на чыгуначнай станцыі ва Ухані / фота Reuters
Цеплавізары на чыгуначнай станцыі ва Ухані / фота Reuters

"Новая іспанка", "апакаліпсіс прыйшоў", "чума 21-га стагоддзя" — невядомы раней вірус 2019-nCoV прывёў да масавай панікі. У аэрапортах (у тым ліку і ў Нацыянальным аэрапорце Мінск) для праверкі пасажыраў з Кітая ўжо ўсталявалі сканеры, якія вызначаюць тэмпературу цела. Кітайскія гарады Ухань і Хуанган цалкам ізаляваны, з горадам Эчжоу спынены чыгуначныя зносіны. Але ці так страшны чорт, як яго малююць? Еўрарадыё сабрала факты пра новы смяротны вірус і яго распаўсюджванне па планеце.

Адкуль узяўся новы вірус?

Кітайскія навукоўцы лічаць, што новым тыпам каранавіруса чалавек мог упершыню заразіцца ад змеі. Навукоўцы з Пекіна, Наньніна, Нінбо, а таксама з Уханя, адкуль пачала распаўсюджвацца інфекцыя, параўналі генетычны код віруса з генетычным кодам вялікай колькасці жывёл.

Самымі блізкімі да віруса аказаліся генакоды двух відаў змей: паўднёвакітайскага шматпалоснага крайта і кітайскай кобры (абодва віды атрутныя). У Кітаі змеі і іншыя экзатычныя жывёлы — неад'емны складнік нацыянальнай кухні.

Што такое каранавірус?

Назва "каранавірус" азначае, што пад мікраскопам вірус падобны на карону. Усяго вядома каля 40 вірусаў, але толькі сем з іх (у тым ліку новы) паражаюць чалавека.

Апошняя сур'ёзная ўспышка каранавіруса адзначалася ў Кітаі ў 2002 годзе, калі на атыповую пнеўманію захварэлі 8098 чалавек, а памерла 774 чалавекі.

"Людзі па-ранейшаму з жахам успамінаюць пра атыповую пнеўманію, адсюль у значнай ступені і паходзіць страх, аднак цяпер мы падрыхтаваны нашмат лепш, каб супрацьстаяць падобным захворванням", — кажа доктар Джосі Голдынг з Wellcome Trust у каментары BBC.

Як праяўляюцца яго сімптомы?

Прадстаўнік СААЗ Гаўдэн Галеа расказаў у інтэрв'ю New York Times, што захворванне пачынаецца як звычайная прастуда з тэмпературай і кашлем. Затым, праз тыдзень, пачынаецца дыхавіца. Пацыентам прыходзіцца звяртацца ў бальніцу.

"У цэлым каранавірусы здольныя выклікаць як лёгкую прастуду, так і ўскладненні, якія прыводзяць да смерці".

Як можна заразіцца новым каранавірусам?

"Ужо цалкам відавочна, што вірус перадаецца ад чалавека да чалавека", — заявіў прафесар Оксфардскага ўніверсітэта Пітэр Хорбі.

Новы вірус паражае лёгкія, таму кашаль і чханне з'яўляюцца імавернымі шляхамі перадачы.

Новый коронавирус: что мы о нём знаем и стоит ли паниковать
Цэнтральная бальніца горада Ухань / фота Reuters

Колькі чалавек заражаныя і хто ўжо памёр ад гэтай атыповай пнеўманіі?

У Кітаі колькасць тых, хто заразіўся новым каранавірусам, 23 студзеня вырасла да 617 чалавек. Памерлі ўжо як мінімум 17 кітайцаў.

Цяпер дактары высвятляюць, ці з'яўляюцца некаторыя людзі больш уразлівымі для заражэння. Напрыклад, вядома, што першыя 17 памерлых ад віруса былі ў асноўным пажылымі людзьмі, многія з якіх мелі праблемы са здароўем: цыроз печані, гіпертанію, дыябет ці хваробу Паркінсана. Самай маладой ахвярай стала 48-гадовая жанчына. Самымі старэйшымі — два 89-гадовыя мужчыны, якія памерлі ў суботу і нядзелю.

Хоць поўная карціна віруса дагэтуль невядомая, медэксперты заўважылі, што хвароба, як відаць, не забівае маладых і здаровых людзей.

Усе ахвяры новага віруса жылі ў правінцыі Хубэй, у якой знаходзіцца горад Ухань.

У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што рэзкі рост колькасці выпадкаў заражэння — гэта вынік больш актыўнага пошуку і тэставання сярод насельніцтва.

Якія меры бяспекі прымаюцца?

У аэрапортах па ўсім свеце ў пасажыраў, якія прылятаюць з Кітая, сталі правяраць стан здароўя. Спецыяльныя прыборы — цеплавізары — паказваюць, ці падвышаная ў чалавека тэмпература. У Нацыянальным аэрапорце Мінск таксама скануюць тых, хто прыбыў з Кітая.

Праўда, стапрацэнтнай гарантыі, што пасажыр абсалютна здаровы, цеплавізар даць не можа. Напрыклад, грамадзянка Кітая з падазрэннем на каранавірус пераадолела "медыцынскія бар'еры" парыжскага аэрапорта — перад адлётам яна прыняла гарачкапаніжальнае.

Гэта праўда, што ў Кітаі ізалявалі некалькі гарадоў?

23 студзеня ў Кітаі закрылі на каранцін горад Ухань, дзе пачалася ўспышка новага штама каранавіруса. Улады такім чынам спрабуюць спыніць распаўсюджванне віруса. У горадзе адменены авіярэйсы, спынена работа цягнікоў, аўтобусаў, метро і паромаў. Насельніцтву Уханя, дзе жыве 11 млн чалавек, было сказана не выязджаць за межы горада.

Мясцовыя жыхары занепакоеныя нястачай харчавання: паліцы супермаркетаў пачалі спусташаць адразу пасля выпушчанай забароны. Адзін з гараджан заявіў, што сітуацыя нагадвае канец свету. Таксама ў планах у чыноўнікаў ізаляваць найбліжэйшыя ад Уханя гарады Хуанган і Эчжоу.

Як спыніць распаўсюджванне віруса?

Пакуль што вакцыны ад новага каранавіруса няма. Адзіны спосаб супрацьстаяць эпідэміі — ранняя дыягностыка тых, хто захварэў, і лячэнне іх у ізаляваных умовах. Дапамагчы прадухіліць далейшае распаўсюджванне можа адсочванне і маніторынг людзей, якія ўступілі ў кантакт з пацыентамі.

Далейшыя меры могуць уключаць абмежавання паездак і мерапрыемстваў. У Пекіне, дарэчы, ужо вырашылі адмяніць усе святочныя мерапрыемствы з нагоды Новага года па месяцовым календары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі