Новыя акцыі “недармаедаў” у рэгіёнах — Слонім, Баранавічы
Чарговыя акцыі “недармаедаў” праходзяць у рэгіёнах. У 15.00 у цэнтры Слоніма сабралася некалькі сотняў чалавек, каб выказаць пратэст супраць дэкрэту №3, а таксама абмеркаваць эканамічную сітуацыю ў краіне.
Як паведамляе “Наша Ніва”, на плошчы удзельнікаў акцыі сустрэў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і раённыя чыноўнікі. Падчас рэзкай гутаркі ўдзельнікі прыгадалі, як на прадпрыемствах запалохвалі тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у маршы, пагражалі выгнаць з працы. Старшыня райвыканкама папрасіў усіх, хто будзе мець на працы праблемы пасля акцыі, звяртацца асабіста да яго.
Паводле словаў чыноўніка, у раёне было разаслана каля 1,5 тысячы “лістоў шчасця” пра выплату “падатку за дармаедства”.
Людзі патрабавалі працы, Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але “не трэба заробак называць палучкай” і “каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць”. У прыватнасці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.
У Баранавічах у 16.00 сабралася каля 50 чалавек, але акцыі як такой не было — людзі проста стаялі і абмяркоўвалі свае праблемы.