Новыя ўмовы Uber: ці нясе кампанія адказнасць за пасажыраў?

Новыя ўмовы Uber: ці нясе кампанія адказнасць за пасажыраў?

7 лютага “Яндекс.Такси” і Uber канчаткова аб’ядналі бізнес па онлайн-замове паездак. У той жа дзень беларускія карыстальнікі Uber атрымалі новыя правілы аказання паслуг. Тое-сёе ў гэтым дакуменце на шмат старонак адразу выклікала занепакоенасць у тых, хто яго ўважліва прачытаў.

Што дакладна напісана ў абноўленых умовах Uber

Цытаты з дакумента пачалі гуляць па сацсетках. Напрыклад, Uber “не дае гарантый адносна надзейнсці, своечасовасці, якасці, прыдатнасці ці даступнасці паслуг… ці што прадстаўленне паслуг будзе ажыццяўляцца бесперапынна ці безадмоўна”. Uber “не гарантуе якасці, прыдатнасці, бяспекі ці магчымасцяў старонніх пастаўшчыкоў”.

Не дае гарантый, не гарантуе якасці. Але самая крутая цытата яшчэ наперадзе. Uber “не нясе адказнасці за ўскосныя, выпадковыя, непрадбачаныя, фактычныя, штрафныя ці наступныя страты, уключна са страчаным прыбыткам, згубленымі дадзенымі, цялеснымі пашкоджаннямі ці матэрыяльным уронам, звязанымі з паслугамі ці іншым чынам абумоўленымі выкарыстаннем паслуг, нават калі кампанію Uber папярэдзілі пра магчымасць такіх страт”.

Пры гэтым кампанія працягвае настойваць, што з’яўляецца толькі праграмай для замовы паездак. Uber падкрэслівае, што “не функцыянуе як транспартная кампанія, не забяспечвае ажыццяўленне перавозак або лагістычных паслуг” і не бярэ на сябе страхавых абавязкаў перад пасажырамі.

“Не з’яўляецца бокам дамоваў”. Якіх дамоваў?

Цікава, што ўсе гэтыя пункты з’явіліся ў правілах Uber не ўчора. У прэс-службе кампаніі Еўрарадыё распавялі, што "новая версія карыстальніцкай дамовы не ўтрымлівае ніякіх прынцыповых зменаў для карыстальнікаў сэрвісу Uber". І не схлусілі: ужо ў снежаньскай версіі правілаў збольшага чытаем тое самае, што напісана ў свежай, лютаўскай рэдакцыі.

А вось і новы пункт. У ім Uber піша, што ўзаемаадносіны паміж “вамі” (пасажырамі) і “іншымі пастаўшчыкамі” (транспартнымі кампаніямі, якія займаюцца перавозкай) “рэгулююцца адпаведнымі дамовамі паміж вамі і іншымі пастаўшчыкамі, кампанія Uber не з’яўляецца бокам такіх дамоваў”.

Гэта значыць, што адзіным бокам, да якога пасажыр Uber зможа прад’явіць прэтэнзіі, калі раптам што, будзе не сам Uber, а кампанія-перавозчык. Юрыст Андрэй Сушко, з Лабараторыі лічбавых свабод Human Constanta, тлумачыць Еўрарадыё, што пакуль Uber знаходзіцца ў Беларусі па-за прававым полем, ён можа пазбягаць усялякай адказнасці перад пасажырамі:

Новыя ўмовы Uber: ці нясе кампанія адказнасць за пасажыраў?

"На сёння Uber ніяк не рэгулюецца і па сутнасці, аказваючы свае паслугі, ён не дае ніякіх гарантый, што яны будуць выкананыя, ці што гэта будзе зроблена якасна. Uber заяўляе, што ён проста праграма, якая звязвае паміж сабой пасажыра і кіроўцу. Ён адмаўляюцца несці адказнасць за страты, штрафы, ці нейкія выпадкі. Uber спрабуе цалкам адгарадзіцца ад адказнасці перад пасажырам".

Адзінай магчымасцю абараніць сябе і свае спажывецкія правы застаецца заключэнне з перавозчыкам дамоваў на кожную канкрэтную паездку:

"Як яно цяпер адбываецца ў нас: вы выклікаеце Uber, садзіцеся ў машыну, і ў вас няма дамовы з гэтай кампаніяй. У вас толькі "дамова" з Uber [які “не з’яўляецца бокам дамоваў”. – Еўрарадыё]. Атрымліваецца, што пасажыр павінен з перавозчыкам заключаць асобны дагавор, каб мець нейкія гарантыі, — кажа Андрэй Сушко. — Трэба разумець, што ў выпадку аварыі, траўмы, калі пацярпеў пасажыр, калі няма ніякага юрыдычнага дакумента, які пацвярджае аказанне паслуг, будзе вельмі складана знайсці адказнага і наогул прад'явіць каму-небудзь прэтэнзію".

А цяпер пытанне: ці часта вы, карыстаючыся Uber, падпісваеце з кіроўцам якія-небудзь дакументы? На што паспрачаемся, што не?

Але ў Транспартнай інспекцыі Еўрарадыё распавялі, што пры перавозцы пасажыраў транспартнай арганізацыяй, не важна, праз Uber ці яшчэ неяк, павінны быць усе патрэбныя дакументы:

"У кіроўцы павінен быць аформлены заказ-нарад з дадзенымі перавозчыка і заказчыка. У выпадку з Uber, паколькі дамова аб перавозцы не можа быць заключаная загадзя, у кіроўцы, па ідэі, павінны быць адначасова і дамова на перавозку, і заказ-нарад".

Дзеля эксперыменту мы двойчы папрасілі дамову ў кіроўцаў Uber. У першы раз адзіны дакумент, які нам змог паказаць кіроўца, — гэта дарожны ліст у яго смартфоне. Ні дамовы ў яго не аказалася, ні заказ-нарада.

У другі раз у кіроўцы ўвогуле нічога не было, а сам ён ніколі не чуў пра дамовы на пасажырскія перавозкі і нарад-заказы. Неўзабаве ён прызнаўся, што сам яшчэ студэнт і працуе ўсяго другі тыдзень.

Ці не супярэчаць правілы Uber заканадаўству?

Андрэй Сушко заўважае, што ў новых умовах Uber ёсць абзацы, якія ўвогуле супярэчаць адзін аднаму:

"У пункце пятым ёсць абзац пра тое, што "кампанія адмаўляецца ад усіх заяў і гарантый, прамых, меркаваных або прадугледжаных законам, не змешчаных ў гэтым умовах". То бок, калі ўмовы Uber супярэчаць закону, дык закон быццам бы не дзейнічае, і трэба кіравацца толькі вось гэтымі ўмовамі. Але нельга прапісваць ўмовы аказання паслуг, якія адмянялі б устаноўленыя на гэтай тэрыторыі законы.

А ў апошнім абзацы пятага пункта мы бачым, што "абмежаванні і прававая агаворка не маюць на ўвазе абмежаванняў адказнасці ці змены вашых правоў, якія не могуць быць выключаныя ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам". І гэты абзац цалкам супярэчыць папярэдняму".

Па сутнасці, Uber пакідае сабе ролю онлайн-сэрвіса, які звязвае паміж сабой пасажыра і кіроўцу. За пасажырам прыязджае падрадчык, які не з'яўляецца супрацоўнікам Uber. За ўсё, што адбудзецца паміж пасажырам і кіроўцам, Uber адказнасці не нясе.

"Палажэнні пагаднення адлюстроўваюць той факт, што Uber не функцыянуе як транспартная кампанія, Uber — гэта тэхналагічная платформа, якая дапамагае карыстальнікам спланаваць і арганізаваць паездку з удзелам незалежных пастаўшчыкоў транспартных паслуг, — пацвярджае нашу здагадку афіцыйны каментарый кампаніі. — Адказнасць за паслугі па перавозцы нясуць кампаніі, якія аказваюць гэтыя паслугі".

Пры гэтым, напрыканцы снежня 2017 года Еўрапейскі суд (EU Court of Justice) пастанавіў, што Uber — гэта транспартная кампанія, якая павінна прытрымлівацца агульных правілаў пасажырскіх перавозак. У суддзе Uber настойваў на тым, што ён — усяго толькі праграма, таму не можа рэгулявацца па агульных правілах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі