Някляеў: Апазіцыянераў ужо будуць судзіць не за мацюкі, а за здраду радзіме
Усё тое, у чым абвінавачваюць “шпіёна” Гайдукова, можна лёгка “прычапіць” да любога апанента ўлады, упэўнены палітык.
Такое меркаванне лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” выказаў у размове з Еўрарадыё.
Уладзімір Някляеў: “Гэта ўніверсальная схема, па якой можна пераследаваць любога апанента ўлады. Цяпер ужо выглядае, па меншай меры, несур’ёзнай лаянка і несур’ёзнымі выглядаюць нават абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў”.
Зараз, кажа Някляеў, у найноўшай гісторыі Беларусі распачнецца перыяд змагання са шпіёнамі.
Палітык упэўнены: калі чалавека абвінавачваюць па такім сур’ёзным артыкуле, як здрада радзіме, то гэта, на жаль, абавязкова скончыцца прысудам — спецслужбы не могуць проста так узяць і прызнаць, што яны памыліліся…
Нагадаем, у лісце да віцебскай актывісткі Таццяны Севярынец Андрэй Гайдукоў напісаў, што яго вінавацяць у тым, што “мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША і ў закліках да кропкавых санкцый”.