Ордэн “За асабістую мужнасць” да біятланістак атрымлівалі толькі мужчыны
Ордэн “За асабістую мужнасць”, якім Аляксандр Лукашэнка 22 лютага ўзнагародзіў чацвёрку беларускіх біятланістак, дагэтуль атрымлівалі толькі мужчыны. У Еўрарадыё атрымалася знайсці 20 кавалераў ордэна за 20 гадоў: 12 ваеннаслужачых, трое міліцыянтаў, трое выратавальнікаў, адзін чэкіст і адзін майстар прадпрыемства “Магілёўэнерга”.
Шасцёра кавалераў ордэна атрымалі яго пасмяротна – за геройскія ўчынкі пры выратаванні людзей.
Сярод узнагароджаных ордэнам “За асабістую мужнасць” – толькі адзін спартовец: дзюдаіст Ігар Макараў атрымаў трафей пасля перамогі на Алімпіядзе ў Афінах. У спісах ён пазначаны як ваеннаслужачы – у 2004 годзе Макараў быў прапаршчыкам.
Так што Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава апынуліся ў даволі дзіўнай для сябе кампаніі.