Паб-квіз “МазгаБойня” спыняе гульні на беларускай мове
Самы папулярны беларускі паб-квіз “МазгаБойня” спыняе гульні на беларускай мове. Наступная такая падзея мусіла адбыцца ў сераду, 13 чэрвеня, у рэстаране “Журавінка”. Але яна, як і астатнія гульні “Мазгабойні” №126, прысвечанай футболу, пройдзе з пытаннямі па-руску.
“Спадарства, на беларускамоўную гульню ў сераду гэтым разам сабралося няпоўных 25 каманд замест чаканых 40. На жаль, гіпотэза аб запатрабаванасці “МазгаБойні” на мове аказалася няслушнай.
Праводзіць гульню з гэткай колькасцю людзей, відавочна, ані адпавядае нашаму духу урбаністычнага відовішча, ані з'яўляецца эканамічна абгрунтаваным крокам.
Таму вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў праект і хто быў два тыдні таму сведкам першай і (мяркуючы па ўсім) апошняй МБ на роднай мове”, — тлумачаць арганізатары паб-квіза ў сацсетках.
Таксама яны просяць прабачэння ў тых, хто рэгістраваўся менавіта на беларускую “МазгаБойню”.
Упершыню барная віктарына “МазгаБойня” праходзіла па-беларуску 26-29 сакавіка 2018 года, у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Для гульцоў змена мовы правядзення была сюрпрызам — яны даведаліся пра гэта за дзень да першай з чатырох гульняў.
Наступная беларускамоўная “МазгаБойня” прайшла 30 траўня. У гульцоў быў выбар: згуляць пытанні па-беларуску ці прыйсці на квіз у іншы дзень і ў іншае месца і адказваць на пытанні ў традыцыйным рускамоўным фармаце. На вялікі жаль, гэтая ініцыятыва аказалася камерцыйна нявыгаднай і не прыжылася.