Пачалі адпускаць актывістаў: скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання

Пасля масавых затрыманняў "сіні бус" у Беларусі пачаў асацыявацца з чорным варанком / Еўрарадыё
Пасля масавых затрыманняў "сіні бус" у Беларусі пачаў асацыявацца з чорным варанком / Еўрарадыё

Праз 72 гадзіны з моманту затрымання ўлады пачалі адпускаць актывістаў, якіх затрымалі 14 ліпеня падчас масавых ператрусаў. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

На волю выйшлі кіраўнік свабоднага прафсаюза з Полацка Мікалай Шарах — яго затрымалі пасля ператрусу ў яго доме ў рамках крымінальнай справы па арт. 341 КК РБ "Апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці".

Таксама былі адпушчаныя актывісты Сяргей Мацкевіч і Яўгенія Бабаева. Пры гэтым Яўгенія застаецца падазраванай у рамках крымінальнай справы і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда і Алёна Лапцёнак таксама выйшлі на волю.

Аднак журналісты "Белсата" Ігар Ільяш, Інэса Студзінская, Ганна Галета і Андрэй Мядзведзеў, а таксама журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч застаюцца затрыманымі.

Сярод праваабаронцаў і актывістаў на свабоду таксама пакуль не выйшлі кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, праваабаронца Уладзімір Лабковіч, дырэктар аб'яднання інвестараў Angel's Band Ніна Лабковіч, актывіст Аляксандр Харытон. Уладзіміра Лабковіча і яго жонку Ніну пераводзяць у СІЗА на Валадарскага. 

Нагадаем, 14-16 ліпеня ў краіне зноў прайшла масавая зачыстка СМІ і грамадзянскай супольнасці, ператрусы адбыліся ў Мінску, Пінску, Брэсце, Івацэвічах, Гомелі, Рэчыцы, Гродна. У Следчым камітэце заявілі, быццам прадстаўнікі НДА і СМІ маюць дачыненне да фінансавання пратэстаў.

У адказ на масавыя ператрусы і затрыманні Еўрасаюз і ЗША заклікалі афіцыйны Мінск прытрымлівацца міжнародных абавязкаў краіны, паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды і запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых. Пры гэтым, ЕС заявіў, што гатовы разгледзець далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі.

 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі