Пасля ператрусаў у Гродне мінімум 10 чалавек выехалі з Беларусі за два тыдні

Гродзенская турма

Гродзенская турма / "Наша Ніва"

Хваля ператрусаў і затрыманняў адбывалася ў Гродне з другой паловы кастрычніка. "Нашай Ніве" вядома пра выпадкі, калі пасля затрымання людзям патрабавалася меддапамога. Сілавікі найперш звярталі ўвагу на людзей, якія працавалі ў СМІ, але пад хвалю трапілі і звычайныя гараджане, якія паспелі "засвяціцца" ў 2020-2021 гадах.

Так, тройчы прысудзілі па 15 сутак уладальніку гродзенскага гарадскога партала S13.ru Сяргею Чабоцьку. Таксама быў затрыманы яшчэ адзін чалавек, які раней меў дачыненне да гэтага сайта, але ён ужо выйшаў на волю.

Ператрусамі, як сцвярджае НН, займаўся КДБ: людзям казалі, нібыта яны з'яўляюцца сведкамі па справах аб захопе ўлады і здрадзе дзяржаве.

Абазнаныя ў сітуацыі мяркуюць, што сілавікі ствараюць невыносныя ўмовы, выціскаючы людзей з краіны. Прычым няважна, праяўляе хоць нейкую актыўнасць такі чалавек апошнім часам ці гадамі сядзіць моўчкі. Мяркуецца, што гэтая "зачыстка" звязаная з набліжэннем "выбараў". Крыніца НН кажа, што за апошнія два тыдні пасля чарговай хвалі рэпрэсій краіну былі вымушаныя пакінуць мінімум 10 гродзенцаў.

Мінімум восем "палітычна нелаяльных" сем'яў паставілі на ўлік па сацыяльна небяспечным становішчы. Прычым у СМІ праходзіла інфармацыя толькі па двух такіх выпадках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі