Пачаўся збор подпісаў за ўвядзенне персанальных санкцый супраць Пуціна
Петыцыя з'явілася 22 траўня на сайце Белага дома. Яе аўтары спадзяюцца сабраць за месяц неабходныя 100 тысяч галасоў.
У такім выпадку адміністрацыя прэзідэнта Барака Абамы афіцыйна разгледзіць дадзены дакумент. Аўтары петыцыі адзначаюць, што расійскі прэзідэнт распачаў узброеную агрэсію супраць Украіны. Менавіта ён звяртаўся ў Савет федэрацыі для атрымання дазволу на выкарыстанне Узброеных сіл Расіі ва Украіне, а пасля адмаўляў, што ў Крыме ёсць расійскія салдаты.
"Мы патрабуем увесці асабістыя санкцыі супраць Пуціна і ўраду Расійскай Федэрацыі", — заклікаюць аўтары.
Як паведамляла Еўрарадыё, нядаўна за няпоўны месяц на сайце Белага дома сабрала больш за 100 тысяч подпісаў петыцыя за ўнясенне Расіі ў спіс краін-спонсараў тэрарызму.
Фота — ria.ru