Пад Мінскам затрымалі грамадзяніна Латвіі з вялікай партыяй гераіну
Пад Мінскам затрымалі грамадзяніна Латвіі, які перавозіў буйную партыю гераіну — 3 тысячы дозаў. Як паведамляе тэлеканал АНТ, інфармацыя пра тое, што ў машыне замежніка можа знаходзіцца наркотык, паступіла з мяжы.
Схованку з наркотыкам шукалі шэсць гадзінаў. Агляд аўтамабіля кінолагамі не даў выніку: у салоне быў рассыпаны перац і таму сабакі маглі не зрэагаваць на наркотык. Таму машыну сталі правяраць у спецыяльным боксе. Менавіта там у аўтамабілі знайшлі схаваную тэхналагічную поласць, у якой знаходзіўся загорнуты ў поліэтылен скрутак, вельмі старанна замаскіраваны. У ім было рэчыва белага колеру.
Грамадзянін Латвіі ехаў праз Беларусь у Маскву да сваіх кампаньёнаў па бізнэсе і адмаўляе, што перавозіў наркотык.